За тыдзень курс долара ў Беларусі вырас на 2%. Чаму так адбылося і як будзе далей


З канца студзеня ў Беларусі ў рост пайшлі заходнія валюты – долар і еўра. Рост ідзе штодня. Але чаму так адбываецца? І як доўга працягнецца гэтая сітуацыя? Што агулам уплывае зараз на дынаміку беларускага рубля да замежных валютаў? Гэтыя пытанні мы задалі вядомай беларускай эканамістцы Анастасіі Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Grey / Unsplash

Курс долара ў Беларусі расце няспынна ўжо больш як тыдзень. Адносна 25 студзеня ён павялічыўся на 2,02% – з Br 2,6252 да Br 2,6783. Еўра за гэты ж час вырас на 1,87% – з Br 2,8516 да Br 2,905. А вось расейскі рубель наадварот патаннеў – на 0,08%. Калі тыдзень таму за 100 расейскіх рублёў давалі Br 3,8207, то цяпер – Br 3,8178.

Разам з тым з пачатку года афіцыйны курс долара ў Беларусі знізіўся на 2,12%, еўра – на 0,36%, а расейскага рубля вырас на 0,91%.

У каментары «Белсату» старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна нагадала, што першыя два тыдні 2023 года адбывалася ўмацаванне беларускага рубля да долара і еўра. Гэта суразмоўца патлумачыла нізкай актыўнасцю бізнесу пасля навагодніх святаў, у выніку чаго зніжаўся і попыт на валюту. Да таго ж, у Расеі былі даўгія вакацыі, што замарозіла ўплыў хістанняў курсу расейскага рубля на беларускі.

Але пасля сярэдзіны студзеня, калі бізнес адышоў ад святаў, пачалося пэўнае аслабленне беларускага рубля да долара і еўра.

Наклала свой адбітак на курс беларускага рубля і дынаміка рубля расейскага, заявіла экспертка. Гэтак, у суседняй Расеі адносна пачатку года курс долара вырас на 0,26%, а еўра – на 0,85%. Адносна ж згаданага вышэй 25 студзеня рост склаў адпаведна 2,6% і 2,15%.

«Расейскі рубель зніжаецца, і адпаведна за ім крочыць па траекторыі беларускі. Але хоць ён і аслабляўся да еўра і долара, да расейскага рубля ўмацаваўся», – адзначыла Анастасія Лузгіна.

Чаму аслабляецца расейскі рубель?

На аслабленне ж расейскага рубля ўплывае перадусім сітуацыя з вонкавым гандлем. А менавіта – аднаўленне імпарту, у тым ліку за кошт паралельнага імпарту, разам з дынамікай коштаў на энергарэсурсы, паведаміла эканамістка.

У прыватнасці, з 5 снежня 2022 года запрацавала заходняя «нафтавая столь» коштаў на расейскую нафту, якія забараняюць пакупку нафты любымі краінамі паводле коштаў, вышэйшых за $ 60 за барэль. А з 1 лютага 2023 года мусілі запрацаваць ужо расейскія захады ў адказ на гэта, што таксама абмяжоўваюць продаж нафты, але тым, хто на такую «столь» пагодзіцца.

«І надалей гэта будзе накладаць свой адбітак на вынікі вонкавага гандлю на расейскім рынку. Адпаведна гэта, як мінімум, не дасць расейскаму рублю ўмацавацца», – заявіла Анастасія Лузгіна. Але падкрэсліла: дакладны эфект нафтавых санкцыяў пакуль прадказаць цяжка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East Photo

У любым разе, дадала суразмоўца, вялікіх паступленняў ад экспарту, як гэта было ў 2022 годзе, у Расеі сёлета не будзе. Да таго ж, у дачыненні Расеі ў лютым абяцаюць увесці ўжо дзясяты пакет санкцыяў, што «можа змяніць больш рэзка гэтую траекторыю».

А што Беларусь?

Эканамістка адзначыла, што ўсе гэтыя фактары і дынаміка расейскага рубля будуць уплываць і на беларускі рынак. Больш за тое, на курс беларускага рубля будуць уздзейнічаць і ўнутраныя фактары.

Гэтак, Анастасія Лузгіна таксама прадказала Беларусі змяншэнне вонкавага гандлёвага сальда, бо ў 2023 годзе можа пачаць хутка расці імпарт, які моцна прасеў летась. Тым больш, што ў Беларусі таксама цяпер дазволены паралельны імпарт. Усё гэта будзе павялічваць дынаміку попыту на замежную валюту і адпаведна ўплываць на курс беларускага рубля.

«Такія фактары не даюць казаць пра значнае ўмацаванне беларускага рубля ў 2023 годзе», – адзначыла экспертка.

Дадатковым фактарам невядомасці яна назвала новыя санкцыі, што абяцаюць увесці супраць уладаў Беларусі ў лютым. Але якія гэта будуць санкцыі і як яны паўплываюць – пытанне.

«Калі сыходзіць з сённяшняй дынамікі, то асаблівых узрушэнняў мы не бачым. Так, ідзе зніжэнне курсу. Але пакуль плаўнае. Магчыма, у нейкія перыяды будуць некаторыя рухі назад. Але ў цэлым дынаміка будзе ісці на аслабленне», – мяркуе Анастасія Лузгіна.

Да таго ж, падкрэсліла суразмоўца, інфляцыя ў Беларусі сёлета, хутчэй за ўсё, будзе вышэйшай, чым у еўразоне ці ЗША. А гэта таксама можа ўплываць на намінальны курс беларускага рубля да заходніх валютаў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў