«Не новы кодэкс, а стары і пагоршаны». Што ўлады зробяць з беларускай адукацыяй


Новы Кодэкс аб адукацыі даўно патрэбны, але плюсы цяперашніх правак губляюцца на фоне мінусаў, патлумачыў «Белсату» знаўца, які спрабаваў прапанаваць дзяржаве адукацыйную экспертную дапамогу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты Ленінскага РУУС Менску праводзяць урок кібербяспекі. Менск, Беларусь. 26 лістапада 2021 года.
Фота: sb.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў абноўлены Кодэкс аб адукацыі. Да чаго прывядуць гэтыя праўкі, «Белсату» расказаў эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін.

Сярэднюю адукацыю зробяць абавязковай: але ж яе і так усе маюць? Раней (арт. 5 Кодэксу 2011 года) абавязковая была агульная базавая адукацыя (9 класаў), а цяпер (арт. 2 Кодэксу 2021 года) – абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 класаў). Гэта магло б здавацца глупствам, бо ў Беларусі ахоп сярэдняй адукацыяй і так каля 100 %. Але калі ў 2015–2016 гадах ён (разам з прафесійна-тэхнічнай і сярэдне спецыяльнай) складаў 98 %, то паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2019-га склаў ужо толькі 94 %. Напэўна, норма імкнецца захаваць ранейшы (2010–2011 гадоў) дасягнуты ўзровень.

Пашырэнне «мэтавага рыхтавання» значыць пашырэнне абавязковага доўгатэрміновага размеркавання на новыя ўзроўні адукацыі. Калі раней (арт. 84 Кодэксу-2011) адпрацоўванне 5 гадоў пасля «мэтавай падрыхтоўкі» распаўсюджвалася на першую ступень вышэйшай адукацыі (бакалаўры), то цяпер (арт. 75 Кодэксу-2021) – і на «спецыяльную вышэйшую адукацыю» (магістры з непарыўным цыклам адукацыі). Калі раней абавязак адпрацаваць не менш за 3 гады датычыў выпускнікоў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то цяпер – і «паглыбленай вышэйшай адукацыі» (магістры). Пры гэтым норма сцвярджае, што канкрэтны тэрмін адпрацоўкі можа быць пазначаны ў дамове працадаўцам, што на практыцы азначае толькі магчымасці яго павелічэння (у Кодэксе адзначана: «не менш»).

«Такім чынам, практыка доўгатэрміновага размеркавання пашыраецца і робіцца даўжэйшая, то бок фактычна пераўтвараецца ў акадэмічную паншчыну ці аброк, калі давядзецца плаціць грошы за адмову ад размеркавання», – робіць выснову Лаўрухін.

ВІДЭА
Экспертка ў пытаннях адукацыі пра адпрацоўку пасля ВНУ: «Спадчына сацыяльнага рабства»
2022.01.24 22:09

У тэхнікумы – толькі пасля 11 класаў? Неадназначна, але выглядае, што не. Агульная сярэдняя адукацыя (11 класаў) называецца абавязковаю. Ды паводле ч. 5 арт. 144, агульная базавая адукацыя (9 класаў) дае права на працяг навучання да агульнай сярэдняй, а таксама да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Арт. 169 апісвае тэрмін атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове базавай як без атрымання сярэдняй, так і з атрыманнем яе. Арт. 186 апісвае тэрміны атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй.

Дыстанцыйнае навучанне – гэта добра, але яно будзе не для школы? Раней у Беларусі былі фактычна незаконнымі ўсе формы дыстанцыйнай адукацыі – нават ва ўмовах каронавіруса. У новым кодэксе дыстанцыйную адукацыю «ўзаконілі», але ў спецыяльнай частцы гаворка пра дыстанцыйную адукацыю толькі на ўзроўнях, вышэйшых за агульную сярэднюю: для сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі. Такім чынам, адкрываецца «прастора для тлумачэнняў», заўважае Лаўрухін, але самае простае з іх – што дыстанцыйная адукацыя не для школаў.

Аб’ектыў
Дыстанцыйнае навучанне анансуюць, але ніяк не ўзгодняць
2021.01.18 22:06

Дадатковую адукацыю для адораных паабяцалі. У тэкстах прэс-службаў яе абяцаюць у дзіцячым тэхнапарку. Лаўрухін кажа, што гэта, напэўна, прагрэсіўна, «калі тэхнапарк не закрыюць зусім, а то мы чулі сігналы».

Пераразмеркаванне паўнамоцтваў дзяржаўных органаў у адукацыі «мутнае». Лаўрухін кажа, што спрабаваў зразумець, што ж пераразмеркавалі, але пабачыў толькі дробныя праўкі, а сама вертыкальная мадэль, дзе галоўную ролю мае прэзідэнт і Адміністрацыя прэзідэнта, засталася старая. Аж да таго, што прэзідэнт мае паўнамоцтвы ствараць «іншыя органы самакіравання» ў ВНУ.

Артыкулы
«Працягваць здаваць па 4 рублі на БРСМ?» Пагаварылі са студэнтамі, якія пасля пратэстаў працягнулі навучанне за мяжой
2021.10.27 15:12

«Патрэбны быў новы кодэкс, але зусім не такі, – дадае Лаўрухін. – Гэта наагул не новы кодэкс, а стары, крыху і месцамі абноўлены не ў лепшы бок. Агаломшвае тая нахабнасць і бессаромнасць, з якою чыноўнікі даюць справаздачы, што правялі публічнае абмеркаванне!»

Суразмоўца расказвае, што тры гады таму Грамадскі Балонскі камітэт (у які Лаўрухін уваходзіць) і экспертная супольнасць выслала ў Міністэрства адукацыі ды іншыя дзяржаўныя органы прапановы зменаў у Кодэкс аб адукацыі. У верасні – лістападзе 2021 года гэтыя прапановы абнавілі і праз Свабодны прафсаюз беларускі зноў выслалі ў Палату прадстаўнікоў. Першы раз не было ніякага адказу, а другі раз сказалі (у лісце, падпісаным дэпутатам Ігарам Марзалюком), што «ўжо спазніліся», хоць, паводле працэдуры, часу яшчэ было шмат.

«Выйшла імітацыя нейкіх паправак у кодэкс, жалю вартая, непрыхаваная і бессаромная, якая стварае ілюзію, разлічаную не зразумела на каго, на якіх наіўных людзей, – рэзюмуе Лаўрухін. – Мы фіксуем гэты факт: мае месца фабрыкацыя зменаў, псеўдановых рэдакцыяў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў