Моладзевыя хакейныя зборныя Расеі і Чэхіі знялі з самалёта, бо расейцы не надзелі маскі, а іхны трэнер курыў


Паводле шведскай журналісткі, хакеісты таксама пілі алкаголь, курылі і адмаўляліся надзець маскі.

Трэнер моладзевай зборнай Расеі ў хакеі Сяргей Зубаў.
Фота: fhr.ru

Моладзевую зборную Расеі ў хакеі 1 студзеня знялі з рэйса з Канады праз тое, што галоўны трэнер расейцаў Сяргей Зубаў курыў па дарозе ў самалёт, паведаміла крыніца расейскага ТАСС. Фінскую каманду на той рэйс пусцілі.

Фінскае выданне «MTV Uutiset» жа перадае іншую версію са словаў шведскай журналісткі, якая ляцела тым жа рэйсам. Яна кажа, што расейскіх хакеістаў не пусцілі на рэйс, бо яны адмаўляліся надзець маскі, былі п’янымі і курылі.

Крыніца ТАСС гэта адмаўляе: расейскіх гульцоў нібыта не заўважылі за парушэннямі ні спартовага і масачнага рэжыму, «чаго нельга сказаць пра чэхаў».

Аднак менеджар чэхаў Атакар Чэрны заявіў Чэшскай тэлевізіі, што чальцы расейскай каманды не выконвалі правілы эпідэмічнай бяспекі – ён мяркуе, што ролю ў гэтым меў алкаголь, бо ў аэрапорце бачыў расейцаў у бары. Адзін расеец курыў у тунэлі перад пасадкай у самалёт, потым некаторыя пасажыры скардзіліся на паводзіны расейцаў.

Чэхаў, кажа ён, знялі з рэйсу праз тое, што яны мелі шэрыя кофты, падобныя да кофтаў расейцаў. Фінаў не знялі, бо тыя былі ў бела-блакітным адзенні.

Яшчэ адна пасажырка рэйсу сцвярджае, што расейскія хакеісты не насілі маскі, спрабавалі курыць у самалёце, не слухалі суправажаўшых іх. У справу ўмешвалася паліцыя, якой яна выказала падзяку. Трэнеры, дадае яна, былі ў бізнес-класе – яна чула, што тых прасілі зрабіць музыку цішэй, заставацца на сваіх месцах і надзець маскі.

Сам чэмпіянат скасавалі праз каронавірус: каманды Злучаных Штатаў, Чэхіі і Расеі атрымалі тэхнічныя паразы праз станоўчыя тэсты на COVID-19.

Падобны выпадак адбыўся з юнацкай хакейнай зборнай Расеі 11 гадоў таму: п’яную каманду знялі з самалёта ў аэрапорце Бафала, што ў Злучаных Штатах на мяжы з Канадай. Расейцы так адсвяткавалі залатыя медалі пасля перамогі над канадцамі, што некаторых прыйшлося заносіць у аўтобус.

Hавiны
Падчас хакейнага матчу ў Фінляндыі замест дзяржаўнага гімну Беларусі ўключылі гімн Палаў
2021.12.23 08:20

АА belsat.eu

Стужка навінаў