Аб'ектыў 08.06.2017 Улады адправяць чачэнца на смерць праз памылку ў пашпарце


«Наш сын зазнаваў гвалт, ён быў выкрадзены, і мы нічым не маглі яму дапамагчы. Дапамажыце, калі ласка, перадухіліць гэтае этапаванне, ён зусім не вінаваты – проста з ім хочуць звесці асабістыя рахункі», – просяць бацькі чэмпіёна свету па «ММА» ва ўладаў Беларусі.

У тых і насамрэч ніякіх прэтэнзіяў да грамадзяніна Расеі Мурада Амрыева няма – ён у міждзяржаўным вышуку ў краінах СНД – вядзецца пра памылку ў пашпарце. З-за няправільна пазначанага года нараджэння яго падазраюць у выкарыстанні заведама падробленага дакументу. Літаральна ўчора на той жа падставе Амрыева затрымалі ў Бранску.

Чаму адпусцілі?

«Проста паліцыянты паглядзелі, на якой падставе ён уключаны ў гэтую базу – я маю на ўвазе бранскіх паліцэйскіх – і ўбачылі, што справа не вартая і выедзенага яйка. Ён з гэтым пашпартам пражыў 13 гадоў, а калі нехта з высокапастаўленых чыноўнікаў Чачэніі вырашыў звесці рахункі з ягоным братам, а ён на іх напісаў заяву і зʼехаў з Чачэніі – яны вырашылі выкарыстаць гэтую тэхнічную памылку», – тлумачыць Ігар Каляпін з Камітэту перадухілення катаванняў.

У Бранску Мурада Амрыева мелі затрымаць чачэнскія сілавікі

Людзі Кадырава прыехалі на месца з няправільна складзенымі суправаджальнымі паперамі. І пакуль бранскія сілавікі спрачаліся з чачэнскімі, падазраваны пакінуў участак, а затым і Бранск. Ягоны старэйшы брат – Зураб Амрыеў – ваяваў у другой чачэнскай вайне супраць федэральных войскаў. Цяпер ён жыве ў Нямеччыне. Для Чачэніі Размана Кадырава такі пераслед – звычайная справа.

«Мурат і ўся ягоная сямʼя зрабіліся закладнікамі сітуацыі – у Чачэніі гэтак адбываецца ўвесь час – калі хтосьці супраць расейскіх ці чачэнскіх уладаў, то далей закранаецца ягоная сямʼя», – распавёў Васіль Палонскі, журналіст тэлеканалу «Дождь».

ФСБ у Беларусі адчувае сябе як удома

Пра тое, што спецслужбы Расеі на дзіва прывольна пачуваюцца на беларускай зямлі, распавядала і жонка забітага ў Кіеве экс-дэпутата Дзярждумы Дзяніса Вараненкава.

«Напярэдадні наш кіроўца перасякае мяжу Беларусі, даязджае да Гомля. Блокпост у Гомлі. Спыняюць гэтага кіроўцу, і туды выклікаюцца нібыта памежнікі. Насамрэч прыязджаюць два аўтобусы з фсбшнікамі, нашага кіроўцу крадуць», – падзялілася з «Белсатам» удава Марыя Максакава.

Улады не ўпершыню дапамагаюць расейскім ці чачэнскім сілавікам

«Былі выпадкі, калі мы працавалі з чачэнцамі, якіх шукалі ў Расейскай Федэрацыі, і сапраўды ў іх былі праблемы пры праходжанні беларускай мяжы, то бок для некаторых групаў існуе падобная рызыка. Апроч таго, мы ўвесь час атрымліваем сігналы ад шукальнікаў прытулку, пра тое, што ў Берасці знаходзяцца агенты Кадырава», – сведчыць Мікіта Мацюшчанкаў з місіі «Human Constanta».

У Берасці на гэты момант больш за трыста ўцекачоў з Чачэніі спрабуюць выехаць на Захад. Далёка не ўсе яны палітычныя ўцекачы, але ад такога лёсу не застрахаваны ніхто.

І хоць усе нібыта дзеюць строга паводле інструкцыі, Мурада Амрыева гэтая дэпартацыя можа весці да расправы.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары