«Незаўважныя кандыдаты». Як нас адвучылі ад выбараў


Падчас датэрміновага галасавання ў краіне адкрыта больш за 5 500 участкаў. Найвялікшая кампанія назірання «Права выбару» цяпер адсочвае парушэнні толькі на паўсотні з іх – і выкрывае безліч парушэнняў і фальсіфікацыяў. Цэнтрвыбаркам толькі рапартуе пра выкананне плану па яўцы.

Першы дзень датэрміновага галасавання і першы рэкорд. Да выбарчых участкаў, паводле інфармацыі ЦВК, напярэдадні дайшлі амаль 4,4 % (падчас мінулай кампаніі – няпоўныя чатыры).

«Уладам трэба як мага высокая яўка. Бо яўка, у разуменні ўладаў – дэманстрацыя лаяльнасці. Уся дзяржаўная машына запраграмаваная на тое, каб даваць вынік», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Але як дасягаюцца гэткія вынікі? Мікалай Казлоў, адзін з назіральнікаў ад партыі АГП, сцвярджае, што «прыпіскі проста жахлівыя».

«Мы паспрабуем, можа, заўтра-паслязаўтра зрабіць нейкія канферэнцыі, звярнуцца да грамадскасці і звярнуцца да камісіяў з тым, каб яны спынілі не тоячыся, бессаромна фальсіфікаваць выбары», – кажа Казлоў.

Пра фальсіфікацыі паведамляе і кампанія назірання «Права выбару». Напрыклад, у сталічнай Карбышаўскай выбарчай акрузе колькасць тых, хто прагаласаваў, паводле камісіі і паводле назіральнікаў, адрозніваецца ў 14 разоў.

Пустыя выбарчыя ўчасткі ды прыкметы іншага парушэння назіральнікі зафіксавалі, напрыклад, на ўчастку ў менскім Палітэхнічным каледжы.

«Прыходзяць студэнты – па два чалавекі спачатку, па тры, а зараз заходзяць групамі па пяць, па шэсць. Я так думаю, з майго мінулага вопыту, адбываецца масавы прыгон студэнтаў на выбарчыя ўчасткі, каб яны прагаласавалі», – кажа назіральнік Віктар Кулак.

Датэрміновае галасаванне – адзін з элементаў фальсіфікацыі выбараў. На гэта не першы год звяртаюць увагу як айчынныя, гэтак і замежныя праваабаронцы.

Гэтым разам, як і падчас мінулага датэрміновага галасавання, трэба 30 %. Прынамсі такі прагноз у інтэрв’ю дзяржаўнаму ТБ зрабіла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Але дадала, што ўладам не важна, якая будзе яўка.

«Апошнім часам прыходзяць заявы, дзе выбарнік ставіць умовы – ці вырашаецца нешта для яго асабіста, ці ён не прыйдзе на выбары. Адразу магу сказаць – зараз яўка выбарнікаў зʼяўляецца свабоднай. Выбары адбудуцца пры любой яўцы»,заяўляе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Гэткая заява не толькі не адпавядае рыторыцы мінулых гадоў, але і супярэчыць фактычным дзеянням уладаў – перадусім у арганізацыі правядзення выбараў і падліку галасоў.

«Гэта тое ж самае, што Ярмошына не так даўно сказала, што гэтая кампанія надзвычай актыўная. Усе бачаць, наколькі яна актыўная. Усе бачаць, наколькі незаўважныя кандыдаты. І ўсе бачаць таксама, што ў гэтыя выбары ніхто не верыць», – кажа Алесь Лагвінец.

Асноўны дзень галасавання за дэпутатаў Мясцовых саветаў – ужо ў гэтую нядзелю, 18 лютага.

Лола Бурыева; фота – Мікалай Пятроў/БелТА/ТАСС/Forum