«У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці». Ігар Лосік спыніў галадоўку


Беларускі палітвязень спыніў галадаваць на 42-м дні. Ягоны ліст з-за кратаў перадаў адвакат Дзмітрый Лепрэтар, піша радыё «Свабода».

«Я вырашыў спыніць галадоўку. Чаму я гэта зрабіў? Сапраўды па ўласным жаданьні. Я не прымаў ежу больш за сорак дзён, і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым.

А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасці, не хачу, каб за мой свядомы выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы ўсе вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу хваляваць і прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас. У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці.

Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсці на гэтую крайнюю меру.

Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так прыкметна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуванне і салідарнасць, а ім пляваць на пакуты сотняў семʼяў, дзяцей, на чалавечыя жыцці. Вы не падвядзеце. Цяпер такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі.

За зімой абавязкова надыходзіць вясна, ноч замяняецца світаннем. Гістарычныя працэсы яшчэ нікому не ўдалося адмяніць або спыніць ніякімі дэкрэтамі, арыштамі або расстрэламі.

Усім-усім вялікі дзякуй за падтрымку, буду чакаць добрых навінаў.

P.S. Шмат хто пісаў, што я нічога не дабʼюся. Гэта не так. Сваім учынкам я прыцягнуў увагу не толькі да сваёй справы, але і да становішча з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне. Зараз пра нас усіх кажуць гучна і на ўсіх магчымых пляцоўках патрабуюць вызвалення нявінна арыштаваных і асуджаных. Гэта нямала. Спадзяюся, што з спыненнем маёй галадоўкі тэма палітычных зняволеных не сыдзе з грамадскага парадку. Яшчэ раз усім дзякуй за падтрымку і салідарнасць», – напісаў Лосік.

Заяву Лосіка пракаментавала экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

«Я падтрымліваю яго ў гэтым рашэнні і працягваю настойваць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў», – заявіла Ціханоўская.

Ігара Лосіка затрымалі летась, 25 чэрвеня. Рэдактара канала «Беларусь головного мозга» і кансультанта «Радыё Свабода» вінавацяць у арганізацыі масавых закалотаў па артыкулах 293 і 342 Крымінальнага кодэксу. 15 снежня, пасля чарговага падоўжання тэрміну ўтрымання пад вартаю, вязень распачаў галадоўку, якая цягнулася 41 дзень.

Аб’ектыў
Палітвязень Ігар Лосік галадуе больш за месяц
2021.01.20 22:18

 

На знак салідрарнасці з Лосікам галадоўкі распачалі студэнткі Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян, а таксама праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў. Яшчэ адзін святар Аляксандр Кухта паручыўся за блогера перад Следчым камітэтам.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў