Вольга Гарбунова: ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца – на марафон данацілі з 86 краінаў свету


На марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» ахвяраванні прыходзілі з 86 краінаў свету. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова, Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў сацыяльных справах.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Вольга Гарбунова падзялілася таксама іншымі цікавымі фактамі пра тое, колькі асобаў і адкуль данацілі падчас марафону «Нам не ўсё адно!», каментуючы завядзенне крымінальнай справы на яго ўдзельнікаў.

Так, паводле словаў прадстаўніцы Кабінету, усяго было зроблена 14 655 ахвяраванняў ад 11 428 донараў.

У краінах-лідарах, з якіх прыходзілі данаты, апынуліся Польшча (6383), Літва (1463), ЗША (1333), Нямеччына (1008).

Найбольшую колькасць грошай таксама ахвяравалі донары з Польшчы – 200 563 еўраў, за ёй ідуць Злучаныя Штаты Амерыкі (89 740 еўраў), Літва (55 130 еўраў), Нямеччына (39 131 еўраў). І замыкае гэты топ-5 Вялікая Брытанія (25 790 еўраў).

«Я была здзіўленая шырынёй геаграфіі данатаў. Для нас было нечаканасцю ўбачыць некаторыя краіны ў спісе тых, з якіх рабіліся аплаты. Ахвяраванні прыходзілі з усіх кантынентаў, з самых розных куткоў свету, з аддаленых выспаў… Усё гэта паказвае моц салідарнасці, але мы не будзем пералічваць усе мясціны ў мэтах бяспекі тых, хто данаціў. Так што ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца: на марафон данацілі з 86 краінаў», – адзначыла Вольга Гарбунова.

Онлайн-марафон салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі «Нам не ўсё адно!» адбыўся сёлета 28–30 ліпеня. Падчас марафону было ахвяравана амаль 575 тысяч еўраў. Ініцыяваў правядзенне стрыму Аб’яднаны пераходны камітэт, у арганізацыі і правядзенні ўдзельнічалі больш як 20 незалежных медыяў, у тым ліку і «Белсат». Больш за 200 тысяч еўраў ужо пералічаныя ў фонд «BYSOL» і іншыя праваабарончыя ініцыятывы.

Стрымы з марафону былі прызнаныя  ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А 3 кастрычніка стала вядома, што МУС Беларусі пачаў крымінальную справу ў дачыненні ўдзельнікаў жывой трансляцыі онлайн-марафону. Матэрыялы для завядзення справы сабраў ГУБАЗіК. Падазраванымі названыя «каля 60 асобаў з ліку арганізатараў марафону і іхных памагатых».

Hавiны
«Мы толькі пашырым дапамогу». Гарбунова пра крымінальную справу за марафон салідарнасці
2023.10.03 15:57

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў