Аб'ектыў 06.03.2017 Абарона Курапатаў: плот стаіць, лагеру няма, актывістаў судзяць


Будаўніцтва бізнес-цэнтру ля Курапатаў спыненае. Застаўся толькі плот, які абяцаюць дэмантаваць у найбліжэйшыя дні. Абаронцы Курапатаў разабралі лагер, адзінае, што пакінулі – выставу з плакатамі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

15 содняў сталі сімвалам перамогі

Сёння валанцёры разабралі намётавы лагер, які 15 содняў таму паўстаў каля Курапатаў дзеля таго, каб спыніць будаўніцтва офіснага цэнтру ля месца масавых расстрэлаў.

За гэты час былі і сутычкі з будаўнікамі, і сутычкі з міліцыянтамі, але пераломным стаў момант, калі адзін з абаронцаў – Сяргей Пальчэўскіпрыкуў сябе кайданкамі да цяжкавіка. Пасля гэтага нават замоўца бізнес-цэнтру заявіў: «Будаваць там, дзе людзі прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга».

«Ад першага дня чакалі самых горшых сцэнароў і горшых наступстваў. І ўсё, што адбылося, гэта перамога, якіх так мала ў нашай апазіцыі, і так мала ў нашага патрыятычнага сегменту грамадства. І гэта перамога і адносна нацыянальнай памяці, і адносна тых людзей, якія не хацелі гэтага бізнес-цэнтру», – даводзіць абаронца Курапатаў Алесь Кіркевіч.

У гэтай барацьбе ўлады сутыкнулі інтарэсы актывістаў і бізнесу

Спыніць будоўлю пастанавіў сам забудоўнік. Афіцыйнага рашэння Менгарвыканкаму пакуль няма, але, калі раптам будаўніцтва адновіцца, валанцёры абяцаюць вярнуцца.

«У прынцыпе гэта ўнікальная сітуацыя для краіны, калі забудоўнік, адзін з алігархаў, які валодае сур’ёзнай маёмасцю, адзінаасобнае прымае рашэнне, насуперак уладам, насуперак Шорацу і Менгарвыканкаму, якія пераконваюць іх будавацца, прымае рашэнне сыходзіць адсюль. Зарыўшы тут 400 тысяч баксаў», – зазначыў арганізатар абароны Зміцер Дашкевіч.

Абаронцы Курапатаў гатовыя, што давядзецца рыхтаваць гаманцы

У міліцыю ўжо пачалі выклікаць першых удзельнікаў акцыяў. Позвы атрымалі Алесь Лагвінец ды Антось Жылко, якія ў Дзень роднай мовы 21 лютага наладзілі ў Курапатах дыктоўку паводле артыкулу Зянона Пазняка «Курапаты – дарога смерці».

«Напярэдадні абаронцаў выштурхнулі з будаўнічай пляцоўкі, было вельмі важна паказаць салідарнасць з абаронцамі, далучыцца да гэтай абароны. Мы прыехалі, прымалі актыўны ўдзел у акцыі, мы абазначылі сябе сімволікай, калі прыехалі, адразу разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, якіх на пляцоўцы не было ў той момант», – тлумачыць спадар Жылко.

На думку актывістаў, спачатку ў праваахоўнікаў не было канкрэтнага загаду а Курапатах, таму дзеялі паводле старой адпрацаванай схемы. Але цяпер улады ў разгубленасці.

«У мяне ёсць невялічкае чаканне, што справа спыніцца, але мы ведаем, што рэдка калі судовая сістэма – рэпрэсіўная сістэма ўладаў дае ход назад. Хутчэй за ўсё трэба чакаць выкліку ў суд», – падсумаваў Алесь Лагвінец.

Ёсць шанец, што ў спробах забудовы дзяржава дасць задні ход

Абаронцы ўрочышча зрабілі ўсё, што ад іх залежала. Цяпер неабходна, каб палітыкі, гісторыкі, юрысты адстаялі ў афіцыйных кабінетах статус Курапатаў як мемарыяльнага месца і ахоўнай зоны. А гэта значыць, што барацьба не спыняецца, а пераходзіць у іншую стадыю.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат», фота: Раман Пратасевіч

Глядзі таксама
Каментары