Замоўца бізнес-цэнтру пра сітуацыю вакол Курапатаў: «Мы разумеем жаданні людзей. Я таксама хачу абараніць памяць рэпрэсаваных»


Акцыянер кампаніі-замоўцы «Белрэканструкцыя» Ігар Анішчанка выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ва ўрочышчы.

Паводле Ігара Анішчанкі, участак каля дому № 49 па вуліцы Мірашнічэнка набылі на аўкцыёне чатыры гады таму. За ўвесь гэты час правялі з дзясятак экспертыз, і ніхто да выхаду на будоўлю не сказаў, што могуць узнікнуць пытанні, звязаныя з Курапатамі.

«Гістарычнай экспертызы не было, бо яна праводзіцца, толькі калі ўчастак знаходзіцца ў ахоўнай або зоне рэгулявання забудовы. Калі мы куплялі ўчастак, ён ні па адным дакуменце не праходзіў як ахоўная зона Курапат… Таму цяпер у нас пытанне: чаму нам прадалі ўчастак, які ўваходзіў у ахоўную зону?

Так, там не расстрэльвалі і не было там дарогі смерці. Але нас паставілі ў супрацьстаянне з людзьмі, якія хочуць абараніць памяць рэпрэсаваных. Я таксама хачу абараніць іх памяць. І жаданні людзей і іх дзеянні нам зразумелыя».

Ігар Анішчанка кажа, што кампаніі не патрэбныя канфлікты, таму будоўля спыненая.

«На сёння мы прынялі рашэнне не прыпыніць, а цалкам спыніць будоўлю. Мы вывезлі з участка ўсю тэхніку, рабочых. І цяпер чакаем рашэння гораду, бо яно ў яго кампетэнцыі. Менгарвыканкам нам сказаў пачакаць, і мы думалі, што рашэнне прымуць за пару дзён. Але прыняцце рашэння зацягнулася, а працягваць працы ў такой сітуацыі немагчыма і небяспечна. Будаваць там, дзе людзі катэгарычна супраць, дзе яны прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга.

Ігар Анішчанка адзначыў, што калі горад прапануе кампаніі іншы ўчастак, то яны пойдуць будаваць туды.

«Усе людзі маюць права выказваць свой пункт гледжання і абараняць яго. Мы разумеем тых актывістаў, якія стаяць там. Змагацца з імі мы не можам і не павінны. Мы не хочам ніякага супрацьстаяння ў грамадстве, і мы просім горад знайсці рашэнне гэтай сітуацыі. Усё, што маглі, мы зрабілі: спынілі працы… Мы шануем памяць загінулых, і нам не ўсё роўна, што адбывалася ў гэтым гістарычным месцы», – падкрэсліў ён.


Участак, на якім кампанія «Белрэканструкцыя» распачала будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтру, гарадскія ўлады прадалі з аўкцыёну ў 2013-м. У 2014-м ахоўную зону значна ўрэзалі. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, існуе вялікая імавернасць, што тут ёсць пахаванні: архівы КДБ з планамі размяшчэння пахаванняў 1937–1940 гг. да сёння засакрэчаныя.

22 лютага актывісты звярнуліся да Андрэя Шораца з патрабаваннем спыніць будоўлю і правесці праверку яе законнасці.

27 лютага будаўнікі спынілі працы і пачалі вывозіць тэхніку з будаўнічай пляцоўкі.

1 сакавіка актывісты пайшлі ў Менгарвыканкам паразмаўляць з Андрэем Шорацам. Кіраўнік Менску паабяцаў, што на гэтым тыдні будаўнічых працаў каля ўрочышча Курапатаў не будзе.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў