Апошні ранак у Курапатах. Актывісты знялі варту


08:25 У лагеры раніцай знаходзіцца каля 20 чалавек. Будоўля не працавала амаль тыдзень з таго дня, калі Сяргей Пальчэўскі лёг пад «МАЗ». Ад сёння мусіў быць дэмантаваны плот і высаджаныя дрэвы на месцы забудовы.

Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанка, Алесь Кіркевіч і іншыя актывісты пакідаюць свае подпісы на бел-чырвона-белым флагу. З яго плануецца зрабіць сімвал паспяховай абароны. На ім напісана: «Гэта прарыў да Волі!», «Беларусь перадусім!».

Лідар Маладога фронту Зміцер Дашкевіч каментуе свой сыход з намётавага мястэчка:

Мы прынялі рашэнне, што знаходзіцца тут няма сэнсу. […] Забудоўнік выконваў усё тое, што абяцаў цягам тыдня. Нават нечакана для нас. Мы будзем сачыць за гэтай пляцоўкай.

Калі Шорац знойдзе іншага забудоўніка – мы прыйдзем зноў. Мы робім зараз афіцыйную заяву: Усе гэтыя паддоны з бочкай, намётамі і піянінам пераедуць пад Менгарвыканкам.

Актывісты прызвалі ўсіх тых, хто не мог удельнічаць у варце, узяць удзел цяпер, каб пытанне па ахоўнай зоне Курапатаў больш не ўздымалася.

08:34 Алесь Кіркевіч, публіцыст, які прымаў удзел у абароне з першых дзён. Ен спадзяецца на тое, што палітыкі не праігнаруюць, і праца хлапцоў, які днявалі і начавалі ў лагеры не будзе дарэмнай.

Добра, што ўсё скончылася зараз, і не прыйшлося тут стаяць хлопцам месяц ці нейкія высокія тэрміны, бо гэта было б цяжка.

08:40 Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ падкрэсліў, што ўжо заўтра адбудзецца чарговая нарада, дзе супольнасць абмяркуе наступныя крокі:

Нашай мэтай становіцца уплыў, ціск на Міністэрства культуры дзеля таго, каб дамагчыся прыняцця новай пастановы з зацвярджэннем схемы ахоўнай зоны Курапатаў у адпаведнасці з 2003 годам. […] Дамагчыся таго, каб Менгарвыканкаму і Менрайвыканкаму узнаднілі гэтую схему. […] І ўрэшце, каб была зрэалізаваная належным чынам канцэпцыя мемарыяла.

Таксама спадар Аляксей падкрэсліў, што перамога сведчыць пра тое, што беларускае грамадства здольнае кансалідавацца, гуртавацца для абароны аб’ектаў нацыянальнай памяці і годнасці.

Паводле спадара Янукевіча, вялікую працу зрабілі блогеры: Эдуард Пальчыс, Антон Матолька.

08:43 Вольга Нікалайчык, актывістка і дакументалістка:

Ніколі не трэба скарацца. Прыйдзе час – і мы пераможам. Зараз мы супалі з часам. Відавочна, што людзі абуджаюцца, што ім прыемна прыходзіць сюды. І гэта сведчыць пра тое, што народ абуджаецца.

08:46 Актывісты здымаюць сцягі.

08:56 Актывісты фатаграфуюцца на фоне сцяга перамогі, на якім пакінулі аўтографы. Лагер згортваецца. Увесь дзень будуць праводзяцца лагістычныя працы.

_____________________________________________________

Будаўніцтва бізнес-цэнтру ля народнага мемарыялу «Курапаты» спыненае. Забудоўнік вывез з пляцоўкі будаўнічыя матэрыялы і тэхніку. Сёння размантоўваюць плот. Абарона трывала два тыдні.

Амаль 15 содняў трывала вахта каля народнага некропалю. Актывісты трымалі вахту ўвесь гэты час няспынна, нягледзячы на тое, што часам па начах у лагеры заставалася па два чалавекі.

Глядзіце таксама: хто напаў на лагер актывістаў?

Грамадскага актывіста Сяргея Пальчэўскага медыі назвалі «героем нашага часу»: каб спыніць будаўнічую тэхніку, хлопец прыкуў сябе кайданкамі да «МАЗу». Дзякуючы наўпроставым эфірам лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча грамадскасць ведала пра тое, што адбываецца ва ўрочышчы.

За гэты час лагер актывістаў стаў імправізаванай сцэнай для творцаў. Канцэрты для абаронцаў далі бард Андрэй Мельнікаў, Пётр Клюеў (канцэрт 26 лютага), Лявон Вольскі (канцэрт 28 лютага: 9 дзень), Зміцер Вайцюшкевіч, гурты NAKA і Dzieciuki.

Дарэчы, апошні гурт відэа на песню «Сумнае рэгі» здымаў менавіта ў Курапатах. Таксама актывісты каля будоўлі зрабілі кіназалю пад адкрытым небам. Усе, хто жадаў, мелі магчымасць паглядзець дакументальны фільм пад назвай «Курапаты – шлях сумлення», які здымаў тэлеканал «Белсат». Прафесійныя гіды рабілі экскурсію па помніку рэпрэсаваных.

Глядзіце кранальны ролік пра нацыянальны некропаль

У пятніцу, 3 сакавіка на Мірашнічэнкі ў лагеры абаронцаў адбыўся агульнагарадскі мітынг, на якім грамадскія і партыйныя лідары адсвяткавалі сваю перамогу. Пра тое, што варта будзе знятая ў панядзелак, абвесціў з імправізаванай сцэны Зміцер Дашкевіч пасля размовы з інвестарам і замоўцам будоўлі бізнесовага цэнтру Ігарам Анішчанкам.

Замоўца бізнес-цэнтру: «Я таксама хачу абараніць памяць рэпрэсаваных»

Як пракаментаваў Зміцер Дашкевіч свой ранішній стрым, «упяршой за ўсю гісторыю МФ скручваецца сам». Зміцер таксама паказаў тэрыторыю будоўлі за плотам. Забудоўнік вывез матэрыялы, тэхніку, фактычна закапаўшы ў зямлю 400 тысячаў долараў.

XX, belsat.eu

Стужка навінаў