Ці чакаць адзінай валюты?


Пераход на адзіную валюту выгадны для Расеі. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, назваўшы такую падзею найвышэйшаю ступенню інтэграцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Да гэтага рашэння трэба яшчэ дайсці з пункту гледжання інтэграцыі нашых эканомік», – заявіў Антон Сілуанаў.

Чыноўнік дадаў, што найперш нібыта гэта робіцца для звычайных людзей у дзвюх краінах. Але пра тэрміны рэалізацыі такога праекту Сілуанаў не сказаў, хоць і падкрэсліў, што такая опцыя ёсць яшчэ ў дамове 1999-га года. Стварэнне адзінай валюты абазначанае як адна з мэтаў Саюзнай дзяржавы, але да агульнага рубля яшчэ далёка, кажа эканаміст Настасся Лузгіна:

«Узнікае пытанне, ці захочуць расейцы прымаць рашэнне на парытэтнай аснове? Цалкам магчыма, што не. Натуральна, для Беларусі гэта страта суверэнітэту ў рамках правядзення валютнай і грашова-крэдытнай палітыкі».

Пра агульную валюту на паседжанні Найвышэйшай рады Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбурзе размовы не ішло. Пуцін і Лукашэнка зацвердзілі пагадненне пра каардынацыю замежнай палітыкі дзвюх краінаў.

«І падрыхтаваная да гэтага паседжання Праграма скаардынаваных дзеянняў саюзнай дзяржавы ў галіне знешняй палітыкі на перыяд да 2026-га году, безумоўна, паслужыць працягу і развіццю яшчэ больш цеснай расейска-беларускай каардынацыі ў міжнародных справах», – падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Большая супраца плануецца і ва ўнутраных справах: бакі падпісалі пагадненні пра супольнае навукова-тэхнічнае развіццё і рэалізацыю дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, чарговую інтэграцыйную праграму на тры гады. Няма раўнапраўя і тут, бо рэгуляванне коштаў на тыя ж энерганосьбіты не ажыццяўляецца паводле агульнага дакументу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грошы. 21 студзеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Калі рынак – то гэта рынак, а тут па паняццях: сёння даем, але не так зробіш – задзярэм да неба. Так што толькі на словах раўнапраўная інтэграцыя, а насамрэч Лукашэнка на кручку», – лічыць палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Паводле дамовы Лукашэнкі і Пуціна, мае паўстаць мэдыяхолдынг саюзнай дзяржавы. У яго ўвойдуць чатыры СМІ, што праўда, невядома, ці будуць сярод іх медыі з беларускаю рэгістрацыяй. Лукашэнка пры гэтым заяўляе пра інфармацыйнае супрацьстаянне і кажа пра скаардынаваную інфармацыйную палітыку:

«Думаю, калі мы створым нармальны медыяхолдынг, з улікам спробаў і памылак, асабліва расейскія адмыслоўцы праз гэта прайшлі, будзе харошы холдынг. Людзі павінны ведаць што адбываецца ў Беларусі, у Расеі».

Але найбольш верагодна, што праца холдынгу будзе скіраваная пераважна на расейскага спажыўца.

«Беларуская аўдыторыя ўмее шукаць інфармацыю самастойна. І гэта была адна з перадумоваў беларускіх падзеяў 20-га года рэвалюцыйных. У адрозненні ад расейскай аўдыторыі, якая па-за Масквой і часткова па-за Санкт-Пецярбургам, – гэта людзі, што жывуць у 80-70-я гады, я сам гэта бачыў», – кажа пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Лукашэнкаўскі рэжым ад холдынгу атрымае хіба што дадатковыя сродкі на прапаганду, выдаючы пры гэтым нізкаякасны прадукт, мяркуюць эксперты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»