Парадокс на рынку працы: стала больш вакансіяў і больш беспрацоўных


У Рэспубліканскім банку вакансіяў усё больш «мёртвых» заявак ад наймальнікаў. Па стане на першага кастрычніка мінулага году 1088 вакансіяў, заяўленых працадаўцамі з Гомельскай вобласці, гэтак і засталіся незанятыя. Гэта вынікае з атрыманай намі ад «BELPOL» кадравай справаздачы. Месцы пустуюць не толькі таму, што заробкі малыя, ці працадаўцам не дагадзіць… Некаторыя вакансіі – фэйкавыя. Як такое магчыма?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Швейнае аб’яднанне «Камінтэрн» шукае швачак. Заробак – максімум паўтары тысячы рублёў. Падобныя вакансіі летась на Гомельшчыне размяшчалі яшчэ тры арганізацыі. У вобласці было вострае запатрабаванне ў швачках – 84 асобы, слесарах-рамонтніках – 64 асобы, токарах, фрэзероўніках, электраманцёрах і кіроўцах. Інфармацыю «Белсат» атрымаў ад Абʼяднання сілавікоў Беларусі «BELPOL».

«Адток кадраў – вялікая праблема для Беларусі. І згодна з такімі справаздачамі, як мы прадставілі “Белсат”, ясна, што рэжым разумее, што гэта праблема, але працуе па лякалах мінулага, саўковымі метадамі», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Запіс на ўлік у цэнтры занятасці. Стос папераў, дазволаў і правяранняў, праз якія трэба прайсці, каб атрымаць працу ў прыбытковай арганізацыі… На Гомельшчыне летась у студзені-кастрычніку на працу ўладкаваліся 27,6 тыс. асобаў, а звольніліся – 30,1 тыс. Гэта на 2,1 % горшы паказнік, чымся ў 2022-ім годзе.

Заўважна больш сталі звальняцца, чым прыходзіць на працу ў арганізацыях аптовага і раздробнага гандлю. Розніца сягнула 10 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2022-га года. У арганізацыях будаўнічай галіны – на 5 % больш звальненняў.

«Узрос попыт на расейскім рынку – на будаўнікоў. Праца ў Расеі стала для многіх таксічнаю. У першую чаргу для ўкраінцаў, якія ў галіне будаўніцтва сышлі з расейскага рынку. На мой погляд гэта адная з найбольш імаверных прычынаў таго, што адбываецца нелагічная сітуацыя: пры падзенні рынку павялічваецца колькасць вакансіяў», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

У прамысловасці сярод прадпрыемстваў Гомельшчыны найбольшую патрэбу ў працаўніках заяўляе «Беларуснафта-Асобіна» – 340, Жлобінскі «БМЗ» – 242. І «Гомсельмаш» – 213.

Поруч, як не парадаксальна, ідзе беспрацоўе. Аляксей Харкевіч назіраў за вакансіямі на рынку працы з 2017 года, калі дзяржава ўзялася вешаць на беспрацоўных ярмо «дармаедаў» і ўспыхнулі пратэсты. Колькасць працоўных месцаў у эканоміцы пачала расці, але прывабныя вакансіі гадамі заставаліся адно абвесткамі. Усё пасля заявы Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Лукашэнка загадаў, каб да нейкай даты ўсіх уладкаваць на працу. Рэзка пачалі публікавацца вакансіі. І можна было сказаць: вось глядзіце, калі вы не можаце знайсці працу – гэта вашая праблема! Глядзіце, колькі вакансіяў! З такімі заробкамі!», – тлумачыць логіку Аляксей Харкевіч.

Гэтак і ў справаздачы, прадстаўленай «BELPOL», летась у кастрычніку 1088 вакансіяў, заяўленых наймальнікамі Гомельскай вобласці, знаходзіліся ў Рэспубліканскім банку вакансіяў больш за год. Сярод іх таксама прывабныя пасады, на якія, напэўна, нехта б спакусіўся.

Выглядае на рэальную колькасць вакансіяў сярод медработнікаў. Летась у Беларусі яна вырасла больш чым на 5,6 % – амаль да 8406. Але не варта цалкам давяраць ні рэспубліканскай, ні гомельскай статыстыцы, кажа прадстаўнік «BELPOL».

«Моцна іх перакруціць было немагчыма, напісаўшы, што ўсё цудоўна ў той жа Гомельскай вобласці. Але яны сфальсіфікаваныя. Нехта, безумоўна, атрымае наганяй, інакш не можа быць. Але самая галоўная тут праблема, што гэта ніяк не вырашыць пытанне», – лічыць Уладзімір Жыгар.

Фэйкавыя прапановы, рэальны адток кадраў за мяжу праз нізкія заробкі і палітыку, але таксама дэмаграфічны спад уплывае на статыстыку занятасці. Летась на Гомельшчыне колькасць занятага насельніцтва знізілася на 9,2 тыс.

Юлія Цяльпук, «Белсат»