У тэатры Янкі Купалы адбылася прэм'ера


На галоўнай сцэне спектакль «А зоры тут ціхія» паводле аповесці савецка-расейскага пісьменніка Барыса Васільева. Паўстагоддзя таму гэты спектакль быў надзвычай папулярны ў СССР.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Барысу Васільеву было вельмі важна паказаць у гэтым творы, што чалавек нават падчас вайны можа марыць, кахаць і верыць у чалавецтва, – кажа тэатральны крытык Настасся Панкратава. – А праграмка Купалаўскага пачынаецца, я працытую: “Мы абавязаныя памятаць і шанаваць подзвіг нашага народу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Ці можна спадзявацца, што пасля такой прэзентацыі на сцэне можна пабачыць натуральныя чалавечыя пачуцці?»

Рэжысёрам новай версіі спектаклю выступіў расеец Дзмітрый Акімаў. У галоўных ролях – артысты, якія папоўнілі трупу тэатру ў 2021 і 2022 гадах. Значная частка з іх – выпускнікі расейскіх навучальных установаў.

«Тое, што там і так мала беларускага, відавочна адлюстроўвае сітуацыю. Для мяне Купалаўскі – гэта Беларусь у мініяцюры. Калі можна паглядзець, што адбываецца, толькі ў межах аднаго будынку. І я ўпэўненая, што ўсё на гэтыя расейскія рэйкі будзе станавіцца ўсё далей і глыбей», – разважае былая акторка Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш.

Агулам у рэпертуары Купалаўскага ў гэтым тэатральным сезоне толькі тры спектаклі паводле беларускіх аўтараў. Гэта «Паўлінка» Янкі Купалы, а таксама два спектаклі аўтарства Алеся Дударава: «Чорная панна Нясвіжу» і «Вечар». У астатнім гледачы маюць магчымасць наведваць спектаклі паводле твораў Астроўскага, Гогаля, Пушкіна, Шэкспіра ды іншых замежных аўтараў.

Тэатр імя Янкі Купалы.
Фота: «Белсат»

«Увогуле дзіўна. Навошта тады гэтаму тэатру званне беларускага нацыянальнага? Я маўчу пра акадэмічнасць. Што тады нацыянальнае? Выходзіць, што нацыянальны тэатр паказвае, што нашае – гэта расейскія аўтары і ўсё астатняе, і штосьці там з далёкай гісторыі», – мяркуе Крысціна Дробыш.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы зазнаў пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе. Тады трупа тэатру выступіла супраць фальсіфікацыяў выбараў ды гвалту ў дачыненні беларусаў. У выніку Купалаўскі вымушана пакінулі большая частка актораў і тэхнічны персанал – агулам блізу 60 асобаў. Пачаўся сапраўдны кадравы голад. Пасля чаго ў трупу пачалі набіраць студэнтаў, актораў з рэгіянальных тэатраў і Расеі.

«Яны не занураныя ў беларускі працэс. Атрымліваецца, што беларускіх аўтараў ставяць для нейкіх справаздачаў, а не для таго каб раскрыць беларускую душу і беларускую праблематыку», – упэўненая Настасся Панкратава.

Зрэшты, цяпер былая трупа Купалаўскага тэатру ставіць спектаклі ў замежжы. Яны збіраюць аншлагі. Беларусы ўнутры краіны таксама могуць іх глядзець – «Купалаўцы» выкладваюць спектаклі на сваім YouTube-канале.

Ян Федаровіч, «Белсат»