Міжнародны дзень тэатру зладзілі з купалаўцамі


У Міжнародны дзень тэатру дзеячы гэтай галіны зазвычай робяць капуснікі, вечарыны. Акторы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» ладзяць святкаванне ў выгнанні. Які настрой у беларускай сцэны ў эміграцыі і што адбываецца ўнутры Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На вечарыне «Дзень тэатру з вольным Купалаўскім» Зоя Белахвосцік напоўніла сцэну вершамі, спевамі і расповедамі пра сваю моцную сувязь з тэатрам імя Янкі Купалы. Дзядуля, тата, бабуля, муж і дачка прымы працавалі ў Купалаўскім.

«Гэта мой монаспектакль, які я зрабіла, калі мне было 60 гадоў. Мы святкавалі яго ў Купалаўскім тэатры. Цяпер ён змяніўся крышачку, таму што ўсё-ткі прайшло больш за тры гады, тры з паловаю», – распавядае пра спектакль народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік.

Тэма выгнання – вось тое новае, што з’яўляецца ў спектаклі. 2020 год. Тады яшчэ дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка выходзіць з калегамі на пратэст. Яго звальняюць, а большасць работнікаў тэатру падае заявы на звальненне на знак салідарнасці. Купалаўцам даводзіцца шукаць сцэну за мяжою.

«Усё роўна перамога будзе за намі, усё роўна тэатр паўстане. Ён перажыў час фашысцкай акупацыі падчас Другой сусветнай – перажыве і гэтую навалу», – упэўнены вольны купалавец Алег Гарбуз.

Пакуль жа актор падзяліўся поспехамі ў пошуках сталай пляцоўкі. Адзін тэатр ужо гатовы супрацоўнічаць – у траўні там адыграюць спектакль. Яшчэ з адным дамаўляюцца.

Родны будынак купалаўцаў цяпер у руках праўладных тэатральных дзеячаў. Яны набіраюць студэнтаў або расейскіх актораў, якія нават не ведаюць беларускай мовы. Толькі 9 актораў засталіся з арыгінальнага складу. Вольгу Няфёдаву, якая падтрымала Лукашэнку, зрабілі мастацкаю кіраўніцаю тэатру.

Тым не менш, таленавітыя беларусы і ўнутры краіны спрабуюць захаваць узровень сцэны. Гэтак, Яўген Карняг паставіў «Пачупкі» ў Тэатры рэспубліканскай драматургіі. Добрыя водгукі ёсць і пра «Ладдзю роспачы», пастаўленую ў Тэатры лялек.

«Рэпетыцыі, прэмʼеры, гастролі расейскіх тэатраў. Ставяцца казкі, ставяцца драмы. Іншая штука, што цяжка назваць гэта радасным, таму што ў той сітуацыі, якая там адбываецца, не да натхнення, не да творчых пошукаў. Там сітуацыя менавіта пра выжыванне і пра тое, каб захавацца», – лічыць культуролаг Васіль ДранькоМайсюк.

Пасля 2020 года выехаць мусіў і Свабодны тэатр. 10 актораў Гарадзенскага тэатру звольнілі – і яны знайшлі сваё месца ў Літве. Сваё памяшканне страціў «Цімтэатр» з Гомля, які цяпер ставіць спектаклі на розных пляцоўках у Варшаве.

«На нас не павінна скончыцца гісторыя беларускага тэатральнага мастацтва. Усё, што можам, для гэтага мы робім. Праблема ёсць фінансавання, якую мы неяк вырашаем, ёсць людзі, якія нам дапамагаюць. Фінансавання і памяшкання. Але гэта не катастрафічна», – распавядае пра сітуацыю рэжысёр незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Аляксандр Гарцуеў.

Калі на сцэне Купалаўскага тэатру ў Беларусі сёлета паказалі тры новыя спектаклі, то незалежныя купалаўцы парадавалі беларускую дыяспару пяццю прэмʼерамі.

Яна Шэк, «Белсат»