На блогераў распачалі паляванне


Хто не з намі, той супраць нас. Прапагандысты працягваюць ціснуць на блогераў, якія ў 2020-ым падтрымалі пратэсты. Знаны прыхільнік Лукашэнкі Мікіта Рачылоўскі заклікае прыцягнуць да адказнасці фудблогера Паўла Крамара, больш вядомага як «Кокобай», за ягоныя пасты ў сацыяльных сетках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дваццаціаднагадовы тыктокер з Менску. Маладзён зняў відэа ў міліцэйскай уніформе, за што яго затрымалі і прымусілі выбачацца на камеру. «Пакаяннае» відэа лукашэнкаўскія сілавікі залілі проста ў «ТыкТок»-акаўнт блогера.

Сілавікі і прапагандысты ўжо чацвёрты год актыўна сочаць за сацыяльнымі сеткамі. З апошніх гучных выпадкаў – кампанія, разгорнутая супраць фудгантэра Паўла Крамара, больш вядомага, як «Кокобай». У пачатку верасня ён у калабарацыі з «Камунаркаю» выпусціў «Коколад». Што не спадабалася праўладнаму актывісту Мікіту Рачылоўскаму. Той абвінаваціў Крамара ў падтрыманні пратэстаў 2020-га, крытыцы Лукашэнкі, грашовай дапамозе пацярпелым ад рэпрэсіяў.

«Чаму Koko.by усё яшчэ існуе? Каму гэта выгадна? Хто яму даў карт-бланш? Няўжо не відавочна, што ў будучыні ён зноў здрадзіць і павядзе за сабою сваю аўдыторыю?», – казаў прапагандыст Мікіта Рачылоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Пасля даносаў прапагандыстаў «Кокобай» выдаліў свой акаўнт у «Тўітэры». Не дапамаглі ні супраца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ні фудагляды на «Бела-Колу». Публічнае лупцаванне адбылося і ў дачыненні блогера-мільённіка Уладзя Кабякова. Той стаўся тварам беларускай касметыкі «Модум», чым справакаваў гнеў прапагандыстаў, якія прыпомнілі Кабякову ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Пры гэтым за апошнія тры гады блогер актыўна даказвае сваю прыхільнасць рэжыму: уступіў у БРСМ, бярэ ўдзел у дзяржаўных імпрэзах і дае інтэрв’ю ОНТ.

«Праз тое, што дзяржава можа цалкам кантраляваць толькі тых, хто з ёю працуе, яна зацікаўленая альбо зліквідаваць патэнцыйную пагрозу, ці прыцягнуць да сябе, на свой бок. Як мы бачым, гэта з Кабяковым адбылося, Дзімам Дзімычам», – адзначае блогер Ян Рудзік.

Дзім Дзімыч – моладзевы блогер, які трапіў пад крытыку прапагандысткі Бондаравай пасля таго, як зняўся ў рэкламе для «Еўраопту» ў ружовым адзенні. Пасля абвінавачанняў у ЛГБТ-прапагандзе, рэкламу з блогерам знялі, а сам Дзім Дзімыч зʼявіўся ў стрыме Грыгорыя Азаронка, дзе быў вымушаны апраўдвацца і ўзяць у рукі кувалду – сімвал вагнэраўцаў.

У распаўсюдзе нетрадыцыйных каштоўнасцяў сілавікі абвінавацілі і краму абутку «Мегатоп». Нагодаю сталася крэатыўная рэклама новай калекцыі. На відэароліку мужчына ў ружовым адзенні на абцасах гуляе па вуліцах Менску.

«Гэтыя напады на бізнес не маюць ніякага дачынення менавіта да бізнесу. Гэтым людзям трэба падтрымліваць сябе ў публічнай прасторы, і падтрымліваюць яны сябе толькі вось такімі скандаламі. Да чаго гэта прывядзе? Гэта прывядзе да забароны ўсялякай крэатыўнасці, творчасці ў беларускай медыйнай прасторы, у тым ліку ў рэкламе», – мяркуе прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.

Што можна пабачыць ужо цяпер. «Мегатоп» не вытрываў ціску і выдаліў відэаролік з мужчынам-мадэллю са сваіх сацыяльных сетак. У той жа час падпісальнікі выказваюцца на падтрыманне крэатыўнай кампаніі:

«Вобраз супер, але мне больш спадабаўся вобраз у папярэднім рылз!»

«І мне таксама».

«Перадайце хлопцу прамяні падтрымкі за смеласць і крэатыўнасць! Нічога не маю супраць Барбі».

Цяпер, каб мець магчымасць працягваць працу, блогерам ці брэндам хапае выдаліць «няправільны» кантэнт ці не публікаваць яго зусім. Аднак ці скончыцца на гэтым дзікае паляванне рэжыму – пытанне рытарычнае.

Наста Печанькова, «Белсат»