Міністэрства аховы здароўя чакае эпідэмію грыпу


Кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя сёння публічна прышчапілася ад грыпу і ковіду. І заклікала беларусаў ісці за яго прыкладам. Бо набліжаецца сезон рэспіраторных вірусных захворванняў. Што думаюць наконт вакцынацыі незалежныя беларускія дактары? І як умацаваць свой імунітэт напярэдадні штогадовай эпідэміі грыпу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і ягоныя намеснікі публічна ўкалоліся – вакцынаваліся ад грыпу і ковіду. Падобна, каб натхніць сваім прыкладам беларусаў. Паліклінікі сёлета прапаноўваюць тры вакцыны: бясплатная расейская, дзеіць супраць трох варыянтаў вірусу, платныя французская і швейцарская – супраць чатырох.

«Чатырохвалентныя вакцыны маюць шырэйшы ахоп, але калі не пацэляць у ніводзін, то яны будуць раўнацэнныя ў гэтай сітуацыі. Яны будуць выклікаць імунітэт не спецыфічны – падвышаць імунітэт супраць грыпу», – кажа імунолаг Алег Дарашкевіч.

Штамы вірусу, супраць якіх маюць дзеяць вакцыны, штогод вызначаюцца на падставе прагнозу Сусветнай арганізацыі здароўя. Перашкодаў для адначасовай вакцынацыі ад грыпу і ковіду доктар Дарашкевіч не бачыць. Важна пазбегчы маштабнай эпідэміі, бо яна вядзе да перагрузкі сістэмы аховы здароўя: ёй у Беларусі і без таго бракуе медычнага персаналу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прышчэпка ад грыпа ў Беларусі – добраахвотная.
Фота: Privivkainfo

«Лекары проста не паспяваюць належным чынам абследаваць і лекаваць людзей. Не так уплывае фактар патагеннасці, як мінімальная спецыялізаваная дапамога людзям. Праз гэта расце смяротнасць», – тлумачыць доктар Дарашкевіч.

Грып небяспечны магчымымі ўскладненнямі, нагадвае ён. Асабліва для пацыентаў з хранічнымі хваробамі. Ім, а таксама дзецям да трох гадоў, асобам, старэйшым за 65 гадоў, медыкам і тым, хто ў працы кантактуе з вялікаю колькасцю людзей, Мінздароўя раіць вакцынавацца ў першую чаргу.

А вось есці дзеля імунітэту жменямі вітаміны няма сэнсу, мяркуе доктарка Мая Церакулава.

«Каб меней хварэць на прастудныя захворванні, хварэць імі без ускладненняў, неабходна проста весці стандартны здаровы лад жыцця, пра які ўсе ведаюць. Прачынацца, рабіць практыкаванні, карысны сняданак, шпацыр па абедзе – усё звычайна», – раіць Мая Церакулава.

У той ці іншай меры да здаровага ладу жыцця імкнуцца каля сямідзесяці адсоткаў гледачоў ці чытачоў «Белсату», якія ўзялі ўдзел у нашым апытанні ў сацыяльных сетках. Не вядуць яго і не плануюць дванаццаць адсоткаў.

Калі ж унікнуць грыпу не ўдалося, лекаванне звычайна сімптаматычнае.

«Вялікая колькасць вадкасці, парацэтамол пры высокай тэмпературы. Напалову пасцельны рэжым. Не хочацца есці – не трэба. Але піць трэба шмат», – кажа Мая Церакулава.

Рост рэспіраторных захворванняў пакуль невялікі, сцвярджаюць эпідэміёлагі з дзяржаўных установаў. Грып і ковід нібыта не на першых месцах паводле колькасці хворых. Згодна з Міністэрствам аховы здароўя, у Беларусі пакуль не з’явіўся новы штам каронавіруса пад назваю Пірола, а цыркулюе ўжо знаёмы Амікрон.

Валянцін Васіленка, «Белсат»