Колькі зарабляюць і на што трацяць грошы беларусы


3,5 % беларусаў жывуць за рысаю беднасці. Пры гэтым паступова расце доля расходаў на найбольш неабходнае: харчаванне, прамысловыя тавары і жыллёва-камунальныя паслугі. Такія звесткі за чацвёрты квартал мінулага года апублікаваў Белстат. Паводле яго, сярэдні заробак да выліку падаткаў у леташнім снежні склаў Br 2271. Цягам года ён павялічыўся амаль на 300 рублёў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Істотнае павелічэнне ў 2023 годзе мае прычынаю, перш за ўсё, нізкую базу 2022 года, – патлумачыла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна. – У 22-м, мы памятаем, быў спад у эканоміцы і, адпаведна, у даходах насельніцтва. 23-і год быў год кампенсацыйны».

Пры гэтым напрыканцы мінулага года людзі атрымлівалі на рукі найчасцей 700-800 рублёў. Толькі 37,1 % жыхароў Беларусі мелі зарплату больш за 1000 рублёў.

3,5 % насельніцтва Беларусі – 322 000 чалавек – жывуць за рысаю беднасці. Менш за ўсё малазабяспечаных – у сталіцы: 1,1 %. Лідар у беднасці – Магілёўская вобласць: 5,3 % жыхароў.

«У Менску зарплаты, у параўнанні з рэгіёнамі, большыя на 30 ці 40 %, – канстатуе прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. – Амаль увесь бізнес і ўся прамысловасць у нас сканцэнтраваныя ў Менску. Ёсць асобныя буйныя прадпрыемствы, напрыклад, у Мазыры і ў Віцебску. Але ўвогуле Беларусь – гэткая “Менска-канцэнтраваная” краіна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле вынікаў выбарачнага даследавання хатніх гаспадарак, на ежу беларусы выдаткоўваюць 37,3 % даходаў. 36,8% – на прамысловыя тавары. Камунальныя плацяжы склалі 6%. Астатняя частка заробка ідзе на аплату розных паслуг і іншыя патрэбы.

Вядома ж, лічбы шчыльна звязаныя з памерам заробка і ўвогуле з наяўнасцю працы. У буйных гарадах сітуацыя адна, у невялікіх паселішчах – зусім іншая.

На думку Аляксандра Кныровіча, мы цяпер назіраем стагнацыю эканомікі Беларусі. І натуральным чынам будзем далей назіраць пашырэнне гэтай фінансавай прорвы паміж рэгіёнамі і Менскам. І далей гэтыя паказнікі будуць разыходзіцца.

Што датычыць беспрацоўя, то, паводле Белстату, яго ўзровень летась ацанілі ў 3,5 %. Мужчынам часцей даводзіцца шукаць працу, чым жанчынам. Сярод беларусаў ва ўзросце да 30 гадоў беспрацоўных – амаль траціна.

Анастасія Лузгіна бачыць праблему не ў браку вакансіяў, а ў дэфіцыце кадраў. То бок, кваліфікаванага работніка могуць не задавальняць умовы працы і заробкі, якія яму прапаноўвае працадаўца. Пры гэтым уладкавацца на працу без досведу і профільнай адукацыі становіцца ўсё цяжэй.

Марына Яновіч, «Белсат»