Эканоміка Беларусі губляе працоўныя рэсурсы


Больш працаваць і менш адпачываць. Гэтак вырашылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны налета, выпусціўшы пастанову аб нормах працоўнага часу налета. Паводле яе, пры пяцідзённым працоўным тыдні норма ў 2024 годзе складзе 2016 гадзінаў, а пры шасцідзённым – 2022 гадзіны. Сёлета нормы меншыя: 2011 і 2014 гадзінаў адпаведна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта тэхнічная працэдура, якая адбываецца штогод, – патлумачыў прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларусі Дзяніс Садоўскі. – Галоўнае, ад чаго яна залежыць – колькасць гадзінаў, якія чалавек працуе. Паводле заканадаўства, гэта не болей за 40 гадзінаў на тыдзень. І ўжо далейшы разлік залежыць ад таго, як часта святы выпадаюць на працоўныя або на выходныя дні».

Між тым, паводле звестак Белстату, ад пачатку гэтага года ў нашай краіне колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 46 300 чалавек. На канец 2022 года, калі параўноўваць з 2020-м, лічба занятых у эканоміцы паменшала на 156 500 чалавек. То бок за няпоўныя 3 гады нашая краіна страціла 202 800 работнікаў.

Доктар Яраслаў Кот, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, мяркуе, што ў такіх умовах лукашэнкаўскі рэжым будзе шукаць іншыя спосабы папоўніць бюджэт. Гэта штрафы, павышэнне некаторых выплат, падаткаў і гэтак далей. І памяншэнне бюджэтных выплат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Афіцыйныя крыніцы звязваюць змяншэнне колькасці працоўных рук з так званай «дэмаграфічнай ямай» дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Але на сітуацыю паўплывала і актыўная эміграцыя беларусаў.

Улады ж робяць пэўныя захады для развязання сітуацыі. Напрыклад, запрашаюць на працу іншаземцаў. На думку незалежнага прафсаюзнага дзеяча Дзяніса Садоўскага, гэта ў пэўным сэнсе патэнцыйная бомба:

«У далейшай перспектыве, безумоўна, гэта сур’ёзны крызіс для эканомікі, дэмаграфіі, увогуле для будучыні Беларусі».

Але пры гэтым не спыняецца ціск на працоўныя калектывы. Сёлета хапуны прайшлі ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама на наваполацкім прадпрыемстве «Палімір», на Ваўкавыскім мясакамбінаце, у Лідзе на «Лакафарбе», «Лідскім піве» і «Лідахлебпрадукце», на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, у Зэльве, Бабруйску, Светлагорску, Баранавічах і ў іншых гарадах. Паводле Міжнароднай арганізацыі «Wisevoter», Беларусь цяпер на першым месцы ў Еўропе ў долі зняволеных на колькасць насельніцтва краіны: 345 на 100 тысячаў чалавек.

Марына Яновіч, «Белсат»