Лукашэнку зноў пашанцавала? Расея рэзка павялічыла імпарт беларускага паліва


Украінскія дроны ляцяць – расейскія заводы палаюць. Паводле інфармацыі «Deutsche Welle», за час поўнамаштабнай вайны беспілотнікі прынамсі 37 разоў атакавалі расейскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. У сваю чаргу агенцтва «Reuters» сцвярджае: у першым квартале гэтага года ў Расеі праз атакі дронаў спынілі працу 7 НПЗ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вынікі працы дронаў – у новай статыстыцы Росстату: вытворчасць расейскага бензіну ў сакавіку ў гадавым вымярэнні скарацілася на 14 %, дызельнага паліва – на 7 %. Папаўняюць жа дэфіцыт коштам нафтапрадуктаў з Беларусі. Гэтак, паводле крыніцаў таго ж «Reuters», сёлета ў студзені імпарту паліва ў Расею з нашай краіны не было, у лютым з Беларусі на ўсход паехала 590 тонаў бензіну, у сакавіку – ужо амаль 3 000 тонаў.

«Тое, што ўкраінцы па розных дадзеных сваімі атакамі выключылі з дзеяння каля 10 % расейскай нафтавай перапрацоўкі, – гэта радыкальна не разбурыць усю яе нафтаперапрацоўку. Яны проста падключаць магутнасці, але для гэтага, безумоўна, трэба час. У якасці часовай меры яны звярнуліся да беларускай нафтаперапрацоўкі», – гаворыць палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Эканаміст Алесь Чайчыц зазначае:

«Лукашэнку зноў пашанцавала. Канечне, ён можа зарабіць на гэтым, размова ідзе пра некалькі мільёнаў долараў у месяц, паўтара-два мільёны еўраў у месяц».

У Беларусі два нафтаперапрацоўчыя заводы – наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ. Прадукцыйнасць кожнага – 12 мільёнаў тонаў за год. Але фактычна вырабляецца 9 мільёнаў тон. Але ці зможа Беларусь істотна павялічыць вытворчасць? І ці не будзе дэфіцыту паліва ў нашай краіне?

«Пэўны патэнцыял, каб павялічыць вытворчасць, ёсць, і ён можа быць выкарыстаны. Магчыма, канечне, за кошт унутранага попыту гэта таксама будзе зроблена, і цэны на паліва ў Беларусі, магчыма, сапраўды пойдуць уверх», – кажа Алесь Чайчыц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Транспартаванне нафтапрадуктаў.
Крыніца: belmir.by

Істотны і той факт, што вырабляючы актыўна паліва на экспарт у Расею, беларускія НПЗ рызыкуюць зрабіцца законнай ваеннай цэллю для тых жа ўкраінскіх дронаў, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

«Магчыма, сапраўды, што гэтае паліва вельмі актыўна будзе выкарыстоўвацца расейскай арміяй ва Украіне, і тут узрастае небяспека, што Кіеў вырашыць для сябе неабходным адказаць».

Вайна, якую Крэмль развязаў супраць Украіны, для рэжыму Лукашэнкі – спосаб зарабіць. Гэтак, паводле прадстаўніка арганізацыі «BELPOL» Уладзіміра Жыгара, шмат якія прадпрыемствы Беларусі цяпер працуюць на вайскова-прамысловы комплекс агрэсара: акцыянернае таварыства «Пеленг», аптычны завод «Сфера» імя Вавілава, Менскі завод колавых цягачоў, таварыства «Агат – сістэмы кіравання», Аршанскі авіярамонтны завод. Гэты спіс можна працягваць.

«Практычна ўсе гэтыя дамоўленасці, якія цяпер дасягнутыя з ВПК Беларусі, (яно ўжо пасля размяркоўвае па іншых прадпрыемствах), яны, як правіла, усе дамоўленасці дасягнутыя пасля пачатку вайны», – канстатуе Уладзімір Жыгар.

Наколькі доўга Расея будзе мець патрэбу ў прадукцыі беларускіх НПЗ, будзе залежаць ад тэмпу рамонту расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў і ад далейшай інтэнсіўнасці атак украінскіх дронаў па гэтых аб’ектах.

Алесь Яшчанка, «Белсат»