ISW: Беларусь можа пачаць вырабляць іранскія дроны «Shahed» на сваёй тэрыторыі


Іранскія беспілотнікі «Shahed» могуць пачаць вырабляць у Беларусі. Гэтае пытанне, верагодна, абмяркоўвалася падчас візіту міністра абароны Віктара Хрэніна ў Іран, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Іранскі дрон. Крыніца: vesti.ua

«Хрэнін і Аштыяні, верагодна, абмяркоўвалі пытанне продажу ўзбраенняў падчас сваёй сустрэчы. Беларусь, магчыма, таксама спрабавала заключыць пагадненне аб вытворчасці іранскіх беспілотнікаў «Shahed» на сваёй тэрыторыі», – гаворыцца ў справаздачы ISW.

Збіраць БПЛА плануюць на заводзе ў Гомельскай вобласці.

Таксама адзначаюць, што Іран і Беларусь паглыбляюць двухбаковую супрацу на фоне ўзаемнага падтрымання расейскай вайны ва Украіне. Міністр абароны Беларусі, генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін прыбыў у Іран 31 ліпеня і сустрэўся са сваім калегам, міністрам абароны Ірану, брыгадным генералам Магамадам-Рэзой Гараі Аштыяні, каб падпісаць Мемарандум аб узаемаразуменні і двухбаковы план вайсковай супрацы на 2023 год.

«Аштыяні нясе асноўную адказнасць за перамовы пра вайсковыя набыцці і продажы ў якасці міністра абароны Ірану, таму Хрэнін і Аштыяні, верагодна, абмяркоўвалі ўгоды са зброяй падчас сустрэчы», – мяркуюць аналітыкі ISW.

Hавiны
Міністр абароны Хрэнін перабывае візітам у Іране
2023.07.31 11:36

Сёлета ў траўні Цэнтр нацыянальнага супраціву паведамляў, што расейцы разглядаюць магчымасць наладзіць вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў тыпу «Shahed» у Беларусі.

Тады працоўная група, якая складалася з іранскіх інжынераў, пры арганізацыі ФСБ Расеі і КДБ Беларусі, наведалі Гомельскі радыёзавод. Абмяркоўвалася магчымасць сістэмна наладзіць вытворчасць дронаў-камікадзэ. Таксама раней прыходзілі паведамленні, што на базе гомельскага заводу праводзілася дадатковая камплектацыя дронаў.

Гомельскі радыёзавод.
Фота: radiozavod.by

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў