Футбольная інтэграцыя з Расеяй працягваецца


Беларускія футбольныя рэферы змогуць абслугоўваць матчы ў расейскай Прэм’ер-лізе. Пра гэта паведаміў старшыня судзейскага камітэту Расейскага футбольнага саюзу. Раней у Міністэрстве спорту Расеі заявілі пра магчымасць удзелу беларускіх клубаў у іх футбольным першынстве. Гэта футбольная інтэграцыя або першая спроба падмяць пад сябе суверэнітэт беларускага спорту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія суддзі змогуць вызначаць лёс футбольных матчаў на расейскіх палях. Адпаведнае двухбаковае пагадненне падпісанае. З якой мэтай пастанавілі зрабіць такі эксперымент?

«З маральнага пункту гледжання ўсе нармальныя людзі разумеюць, што гэта поўны “зашквар”, калі нашыя суддзі будуць ездзіць судзіць матчы ў Расеі. Велізарныя грошы ўкладваюцца ў расейскую Прэм’ер-лігу, і я не думаю, што расейцы так лёгка аддадуць нашым суддзям на водкуп лёс якіх-небудзь сур’ёзных матчаў. А калі і дадуць якія-небудзь сустрэчы, то яны нічога не будуць вызначаць ні ў спартовым, ні ў фінансавым плане», – распавёў экс-кіраўнік Дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Пагадненне існуе, аднак, гэта яшчэ не значыць, што нашыя рэферы будуць судзіць. Бо яно падпісанае са структурай судзейскага камітэту Расейскага футбольнага саюзу, а чэмпіянат праводзіць Прэм’ер-ліга.

«Там раней было многа закулісных інтрыгаў. Пакуль ты выйдзеш на поле судзіць, у цябе ўжо галава трэсне ад гэтых размоваў, бадзянняў, тэлефанаванняў перад матчам. Самі разумееце, прэс значны», – адзначыў экс-кіраўнік Дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: jcomp / Freepik

Апроч суддзяў, расейцы паклікалі да сябе ў чэмпіянаты і нашыя футбольныя клубы. Прапанову агучыў міністр спорту Расеі Алег Матыцын. Але перспектывы тут пакуль цьмяныя.

«Мы ніякіх прапановаў ад Мінспорту ці ад Беларускай федэрацыі футболу не атрымлівалі. Я не разумею, якія клубы могуць прыняць удзел у нашым турніры, прынцыпы таксама незразумелыя. Тэарэтычна гэта магчыма, але ў гэтай канфігурацыі шмат пытанняў, на якія ў мяне няма адказу. Тым больш, Беларуская федэрацыя футболу ніякай пазіцыі не выказвала», – дадаў кіраўнік Расейскага футбольнага саюзу Аляксандр Дзюкаў.

Першапраходцамі, якія ўжо затрымаліся на расейскай прасторы, сталі нашыя хакейнае «Дынама» у КХЛ, валейбольная «Мянчанка» – у Суперлізе, баскетбольны клуб «Менск» – у Адзінай лізе банку ВТБ. Аднак яны ў гэтых турнірах – за аўтсайдараў.

«Цяпер гэта дасць больш гульнявой практыкі і грошай, а ў далёкай перспектыве – дэградацыя і фактычна маргіналізацыя найлепшых беларускіх клубаў у расейскіх лігах і чэмпіянатах», – кажа кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Таксама расейцы запрасілі да сябе суддзяў з Саудаўскай Аравіі, Катару і агучылі гэта як абмен досведам. Мы маем шмат прыкладаў, калі рэферы інтэгруюцца паміж рознымі краінамі, напрыклад ЗША і Канадай. Але эксперты адзначаюць, што паміж гэтымі дзяржавамі – іншыя стасункі, чымся ў Беларусі і Расеі. Напрыклад, няма нічога падобнага на так званую Саюзную дзяржаву. А таму ні ЗША, ні Канада ў такой сітуацыі не рызыкуюць стратаю свайго спартовага суверэнітэту.

Павел Алейнікаў, «Белсат»