Беларускія клубы будуць гуляць у расейскім чэмпіянаце


Інтэграцыя ці паглынанне? Рэжым Лукашэнкі ўцягвае нашую краіну ў залежнасць ад усходняга суседа на розных узроўнях. І гаворка не толькі пра палітыку ці эканоміку. Гэтым разам – і спорт. Айчынныя футбольныя клубы ў хуткім часе могуць стаць часткаю расейскага чэмпіянату. А за гэтым пойдуць разбуральныя наступствы. Якія?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сталічнае «Дынама» перамагае футбольны клуб «Менск» з лікам 1:0 ды робіцца яшчэ на крок бліжэйшым да чэмпіёнства. Адрыў ад «Нёмну», які ідзе другім, за 5 тураў да фінішу чэмпіянату вырас да 5 пунктаў.

Сёлетні тытул можа стаць для «Дынама» першым за амаль 20 гадоў і апошнім для гісторыі самастойнага футбольнага першынства незалежнай Беларусі. Магчыма, бліжэйшым часам найлепшыя беларускія клубы будуць далучаныя да чэмпіянату Расеі. Пра рыхтаванне такога кроку кіраўнік расейскага Міністэрства спорту Алег Матыцын распавёў па выніках сустрэчы з калегам з ураду ЛукашэнкіСяргеем Кавальчуком:

«Мы цяпер чакаем прапановаў ад Беларусі па клубах. Пасля будзем абмяркоўваць гэтае пытанне з РФС. Гэта стратэгічныя ініцыятывы, якія павінны быць зацверджаныя старшынямі ўрадаў. Пасля гэтага яны павінны быць ухваленыя як адзіны план у межах саюзнай дзяржавы. Думаю, што яны ўхваляць».

Якія менавіта беларускія клубы пяройдуць у першынство іншай краіны і якім будзе фармат удзелу, пакуль не вядома. Са словаў Матыцына на ўрэгуляванне фармальнасцяў можа сысці каля года.

«Нацыянальны чэмпіянат у такім выпадку фактычна рызыкуе ператварыцца ў чэмпіянат БССР, як было за савецкім часам. У выпадку, калі некалькі камандаў, колькі б не было:3-4 ці болей, выступалі ў чэмпіянаце Расеі, то ўзровень нацыянальнага чэмпіянату, які і так быў нізкі, упадзе яшчэ болей. І фактычна можна казаць пра страту нацыянальнага чэмпіянату»., – распавядае журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч клубаў Вышэйшай лігі «Дынама-Берасце» і «Дынама-Менск». Берасце, Беларусь. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: Футбольный клуб “Динамо-Минск” / VK

Але супернічаць з расейскімі грандамі будзе праблематычна любому беларускаму клубу. Гэтак, бюджэт магчымага сёлетняга срэбнага прызёра – гарадзенскага «Нёмну» – саступае бюджэту «Зеніту» з Санкт-Пецярбургу болей чым у 30 разоў.

«Ініцыятыва расейская, але баюся, што беларускі бок яе падхопіць. Бо разам з запрашэннем у расейскі чэмпіянат захочуць атрымаць і грошы. Расея часта выкарыстоўвае спорт як інструмент “мяккай сілы”. Магчыма, на першых этапах нейкая колькасць людзей пачне болей цікавіцца, захоча купіць квіткі пайсці паглядзець на “Зеніт” ці “Спартак”, але акрамя гэтых клубаў будуць шмат прахадных нецікавых матчаў», – кажа выдавец парталу «Tribuna.com» Дзмітрый Навоша.

Беларускія прадстаўнікі ўжо маюць досвед выступаў ва ўнутраных расейскіх турнірах. Валейбольныя «Мянчанка» і «Будаўнік», баскетбольныя «Цмокі», якія пасля змянілі назву на «Менск», стала ўладкаваліся ў рангу аўтсайдараў. Рэдкія траплянні хакейнага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ каштуюць дзяржбюджэту штогод дзясяткі мільёнаў долараў. Дый у футболе гэта ўжо не першая «інтэграцыйная» ініцыятыва.

«Не доўга да 2014 году, да першага ўзброенага супрацьстаяння Расеі і Украіны, была ідэя стварыць супольны чэмпіянат Расеі, Беларусі і Украіны. “Газпрам” тады абяцаў на гэта велізарныя грошы. Таксама ў КХЛ існавала каманда “Данбас”. Ёсць у гэтым такая паслядоўнасць, што спачатку да вас прыходзіць расейскі хакей і быццам бы ваш клуб грае ў расейскай лізе, а потым вас пачынаюць называць ДНР, а не Данецкая вобласць. І пачынаюць прызываць у расейскае войска ваяваць супраць Украіны», – дадае Дзмітрый Навоша.

Сумнеўнымі выглядаюць перспектывы пераходу ў расейскі чэмпіянат і для айчынных футбалістаў. Цяпер беларускія клубы і зборныя маюць магчымасць выступаць у міжнародных турнірах, хай і на нейтральных пляцоўках. Расейскі ж футбол з прычыны агрэсіі супраць Украіны апынуўся ў ізаляцыі.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»