Ці магчыма прыцягнуць рэжым да адказнасці?


Пад выглядам аздараўлення ў Беларусь вывезлі прынамсі тры тысячы ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта паведаміў сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяцей сапраўды вывозяць у лагеры ды санаторыі. Вядома пра прынамсі чатыры такія ўстановы. Але «аздараўленнем» насамрэч называюць перавыхоўванне ў традыцыях ідэалогіі рэжыму Лукашэнкі.

Далейшы лёс дзяцей беларускім праваабаронцам цяжка прасачыць. Нехта застаецца ў беларускіх лагерах, кагосьці могуць перамясціць у Расею.

«Бачна толькі пэўныя сляды. Прывезлі ў Наваполацк. Зразумела, што яны былі ў Наваполацку. Дзе, што, хто – незразумела. Зразумела, што гэтыя людзі, якія нам інфармацыю перадаюць, асабліва калі робяць фотаздымкі нейкіх дакументаў, яны рызыкуюць», – тлумачыць кіраўніца праваабарончага цэнтру «Наш дом» (Літва) Вольга Карач.

Украінскі бок ратуе дзяцей праз перамовы. А незалежныя ад уладаў ініцыятывы – выкупляюць іх.

У беларускіх жа актывістаў ёсць яшчэ адна мэта – давесці справу да суда ў Гаазе. Але не хапае чалавечага рэсурсу ды інфармацыі, сцвярджае Вольга Карач.

«Гаага – гаворка ідзе пра масавыя злачынствы супраць чалавечнасці. Не пра аднаго чалавека. Вось дзеці-328 – гэта ідэальны таксама кейс для Гаагі, асабліва калі дадаць і ўкраінскіх дзяцей, і катаванні, і гэтак далей. Таму што гаворка там ідзе пра мінімум 20 000 дзяцей і маладых людзей. Павінны быць вось такія аб’ёмы», – мяркуе Вольга Карач.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Тым часам апублікаваная яшчэ адна справаздача пра злачынствы супраць чалавечнасці, якую зрабіў Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub». Працы над дакладам судзейнічала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«Усе падставы для разумення, што былі сістэматычныя, шырокамаштабныя злачынствы ў бок беларускага народу. Мова ідзе пра фіксацыю больш як 136 000 ахвяраў», – распавядае прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Катаванні, забойствы, згвалтаванне не толькі дарослых, але і дзяцей, выкраданні, незаконныя затрыманні, палітычны пераслед, дэпартацыя – гэткія злачынствы здзейсненыя пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў і апісаныя ў дакуменце.

Справаздача акрэсліла шляхі, якімі можна дамагчыся справядлівасці. Гэта Міжнародны крымінальны суд, спецыяльны міжнародны трыбунал і ўніверсальная крымінальная юрысдыкцыя.

«Сам факт стварэння пагрозы адказнасці. Усё гэта ўжо можа садзейнічаць прыпыненню, спыненню здзяйснення злачынстваў, адмове частцы асобаў у працягу здзяйснення гэтых злачынстваў альбо ў прынцыпе адмове асобаў, якія маглі б уступіць у гэтыя злачынныя дзеянні», – упэўнены Павел Латушка.

Усе тры шляхі будуць распрацоўвацца адначасова. Справаздача закранае перыяд з траўня 2020-га да траўня 2023 года.

Яна Шэк, «Белсат»