На «Беларуськаліі» адбылася ся чарговая трагедыя


На Беларуськаліі – чарговая трагедыя. У панядзелак, падчас правядзення рамонтных работ, у шахце загінуў працоўны. Інфармацыю пацвердзілі на прадпрыемстве. Зрэшты, гэта не першая смерць, якая адбылася на тэрыторыі калійнага вытворцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Смяротную траўму на працы атрымаў 45-гадовы Аляксандр Шыбут. Паводле нашых звестак, ён працаваў пры першым рудаўпраўленні. На жаль, трагічныя здарэнні, у тым ліку з смяротным зыходам, адбываюцца на прадпрыемстве не першы год.

«Гэта не адзіная смерць на прадпрыемстве “Беларуськалій”, таму Альянс Расследавальнікаў Беларусі ў 2023 годзе рабіў сваё расследаванне, каталізатарам якога таксама стаў няшчасны выпадак на гэтым прадпрыемстве. Вядома, што ў кабінцы – няшчасны выпадак адбыўся з кабінай – знаходзілася 5 чалавек. У выніку ўсе яны атрымалі цяжкія траўмы», – кажа Вольга Сямашка з Альянсу расследавальнікаў Беларусі.

Паводле тэлеграм-каналу Міністэрства аховы здароўя, тады ў пацярпелых дыягнаставалі пашкоджанне і пераломы хрыбетніка і канцавінаў.

У траўні 2021 года пры абрынанні секцыі шахты загінуў 57-гадовы брыгадзір Анатоль Эгіпце. На год раней, у чэрвені, пры рамонце самаходнага вагона быў смяротна траўмаваны 21-гадовы слесар Ілля Герасімовіч. Увосень 2020 года загінуў Мікалай Лявончык. Яго прыціснула казырком мацавання ачышчальнага забою. Здарэнне адбылося на глыбіні 620 метраў.

«Наколькі мне вядома, большасць няшчасных выпадкаў, якія адбыліся на прадпрыемстве “Беларуськалій”, адбываюцца ў начныя змены. Адное з галоўных важных абставінаў, якія спадарожнічаюць вось гэтым вось няшчасцям, – людзі стомленыя, другое – не выспаліся. Пры гэтым графік, на жаль, распрацаваны на гэтым прадпрыемстве так, што людзі працуюць па 5 начных змен запар», – распавядае адзін з арганізатараў страйкавага руху 2020 года у Салігорску Дзмітрый Кудзелевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адныя ў працаўнікоў 3-га рудаўпраўлення.
Фота: «Беларуськалій»

Паводле былога ўжо шахцёра, такія праблемы да кіраўніцтва проста не даходзяць:

«Ён не мог прыйсці да дырэктара прадпрыемства і сказаць, што ў нас там, напрыклад, старое зношанае абсталяванне. А зараз гэта насамрэч. На прадпрыемстве максімальна эканомяць на гэтым. А гэта, між іншым, прамыя прычынна-выніковыя сувязі».

За бяспеку на «Беларуськаліі» адказвае і Дзяржпрамнагляд. Акурат сёння працаўнікі гэтай службы ладзілі адмысловую прэсавую канферэнцыю. Пра смерць у Салігорску на ёй не згадалі. Затое патлумачылі, як «ажыццяўляюць мерапрыемствы праверачнага характару».

«Далейшае ажыццяўленне нагляду можна ажыццяўляць у рамках маніторынгу і, як Андрэй Антновіч сказаў, гэта прафілактычная праца, гэта круглыя сталы», – кажа начальнік упраўлення планавання Дзяржпрамнагляду Андрэй Кохан.

Згодна са звесткамі Міністэрства працы, толькі ў першай палове мінулага года траўмы рознай ступені цяжкасці на вытворчасці атрымалі 850 чалавек. 53 асобы з іх – загінулі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»