Ці справіцца МНС са снежаньскімі паводкамі?


Рэгіёны Беларусі затапляе талаю вадою – на поўдні Беларусі Сож, што выйшаў з берагоў, падтапіў дзясяткі дамоў, а на Магілёўшчыне пад ваду сыходзяць масты. Што робяць супрацоўнікі МНС у гэтай сітуацыі і калі сыдзе вялікая вада?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пацяпленне пасля моцных снегападаў і дажджлівае надвор’е прынеслі непрыемныя наступствы. Адразу ў некалькіх раёнах, на ўсходзе і паўднёвым усходзе, пачаліся паводкі, бо Сож выйшаў з берагоў. Гэтак, падтапіла ўчастак дарогі і жалезабетонны мост ля вёскі Парадзіна ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Раней затапіла яшчэ і мост непадалёк вёскі Скварск у Чавускім раёне на Магілёўшчыне, бо падняўся ўзровень вады ў рацэ Проня – прытоку Сажа. Да некаторых мястэчак даехаць на легкавым аўце папросту немагчыма.

Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, на дарогах устаноўлены пазначальнікі са шляхамі аб’езду для легкавых аўтамабіляў, бо вялікая тэхніка па падтопленых участках здольная прайсці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паводка на Сожы.
Фота: Вячаслаў Каламіец / belkagomel

Пацярпелі ад паводкі і населеныя пункты на Гомельшчыне. Гэтак, у Ветцы падтапіла падвалы жылых дамоў і вуліцы. Мясцовыя камунальныя службы не паспяваюць своечасова адпампоўваць ваду, бо, паводле іх, на ўвесь горад і раён – адно адпаведнае прыстасаванне.

Сёлета ўвесну Сож гэтаксама выходзіў з берагоў. У той жа Ветцы затапіла вуліцы. А ў Гомлі ратавальнікі мусілі эвакуяваць людзей з мікрараёну з прыватнаю забудовай. Найбліжэйшым часам, паводле прагнозаў сіноптыкаў, у Беларусі захаваецца цёплае надворʼе, рэшткі снегу будуць раставаць, а таму рост узроўню вады ў рэках працягнецца.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»