Рэкі выйшлі з берагоў: на Беларусі павадак


«Глядзіце, глядзіце, узровень вады ўсё вышэйшы і вышэйшы, і цяпер нельга прайсці праз гэты мосцік, і каля помніку таксама ўсё ў вадзе», – распавядаюць у сацыяльных сетках жыхары Віцебску. Вялікая вада прыйшла на ўзбярэжжа Заходняй Дзвіны. Затоплены пешаходны мосцік і ходнікі ўздоўж ракі, нават паручыны ў некаторых месцах схаваліся пад вадою.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта звязана з анамальнымі ападкамі, якія выпалі зімой гэтага года ў краіне. І менавіта Віцебск і Віцебскую вобласць яны закранулі больш усяго. Так, у Віцебску выпадала 280 міліметраў ападкаў, гэта 183 адсоткі ад нормы. То бок мы бачым, што больш чым у паўтара разы норма была перавышана», – тлумачыць экалагічны актывіст, журналіст Аляксей Аўчыннікаў.

І ўсе гэтыя анамальныя ападкі, якія выпалі ўзімку ў выглядзе снегу, растаюць. Канкрэтна ў Заходнюю Дзвіну ў межах Віцебску вялікую ваду прынёс яе прыток – рэчка Віцьба. Залатая рыбка на ўзбярэжжы Віцебску ўжо амаль схавалася пад ваду. У Віцебскім гарвыканкаме сітуацыю нам пракаментавалі вельмі сцісла:

«Усё робіць арганізацыя “Гардармост”. Мы звярнуліся туды ад імя гарадскога жыхара і вось які адказ атрымалі: “Так, павадак ідзе, затапіла ўсё! Што зрабіць, каб яго спыніць, вашыя прапановы? Можа быць, вы пабудуеце нейкае гідралагічнае збудаванне? Калі павадак, то ніхто з гэтым не справіцца, гэта стыхійнае бедства, як з ім можна змагацца? Спыніць Дзвіну ці што? Плануе не “Гардармост”, а горад у асобе гарвыканкаму”».

У аддзеле архітэктуры Віцебскага гарвыканкаму, куды мы таксама пазванілі, не аказалася ніякіх праектаў або прапановаў для змагання з павадкам на Заходняй Дзвіне ў межах Віцебску.

Цяпер павадкі фіксуюцца па ўсёй Віцебшчыне: Кучыншчына, Осіпенкі, Александрыя, Жданоўка – каля гэтых вёсак падтопленыя аўтамабільныя масты ды проста кавалкі дарог. А ў Гарадку ў выніку падтаплення чатырох вуліцаў пацярпелі жылыя дамы.

Узровень вады ў рацэ Гараджанцы падняўся настолькі, што ратаўнікам давялося адсяліць 10 чалавек.

«Сітуацыю ўжо можна назваць кантраляванай, бо асноўная маса снегу сышла, назіраецца станоўчая дынаміка ў зніжэнні ўзроўню вады. Калі захаваецца ўстойлівае цёплае надвор’е, то ўсё хутчэй прыйдзе ў норму. А вось зацяжныя дажджы могуць дадаць праблемаў», – такі каментар выданню «Витебские вести» даў прадстаўнік Гарадоцкага аддзелу МНС Міхаіл Грудзінскі.

Жыхары Магілёва бачаць, як з берагоў выйшла Дняпро і затапіла ўзбярэжжа. Жыхары Гомля штодзень назіраюць, як расце ўзровень Сажа. На Менскім моры – незвычайная карціна: ледзяное цунамі. Людзі кажуць, што возера стала выходзіць з берагоў.

Прыродныя зʼявы, з аднаго боку, могуць выглядаць прыгожа, але з іншага – нясуць разбурэнне. І ў Беларусі мала робяць, каб абараніць інфраструктуру ад павадку, лічыць грамадскі актывіст Валер Сляпухін.

«Самае простае, гэта рабіць прафілактыку ліўневых збудаванняў і паляпшэнне насосных станцый, і, дзе ёсць высокая рызыка, то рабіць земляныя дамбы, каб узняць высокі пункт, які будзе ў паводку».

«Мы павінны рабіць больш, каб нашая краіна адаптавалася да змен клімату: гэта выкарыстоўваць устойлівыя рашэнні ў вобласці ўрбаністыкі, выкарыстоўваць устойлівыя рашэнні ў вобласці інфраструктуры. Напрыклад, добра з павадкамі ў гарадах могуць дапамагчы справіцца гарадскія лясы. Калі будзе больш дрэваў, то гэта таксама можа добра паўплываць на водны рэжым гораду», – згадвае экалагічны актывіст і журналіст Аляксей Аўчыннікаў.

Гэтыя дзеянні будуць простымі ў рэалізацыі ды дакладна таннейшымі для гарадскога бюджэту, чымся змагацца з наступствамі разбурэнняў. І цяпер нешта робіцца: масты ўмацоўваюць, дарогі падсыпаюць, ад вадаёмаў будуюць адводы, але для большага неабходная воля гарадскіх уладаў.

«Я спадзяюся, што занепакоенасць ёсць, але не ў дастатковай форме, то бок альбо гэта звязана з недахопамі бюджэту на гэтыя мерапрыемствы, альбо гэтая задача ў іх не першачарговая», – мяркуе грамадскі актывіст Валер Сляпухін.

Паколькі ў бліжэйшыя дні па ўсёй краіне чакаюцца інтэнсіўныя ападкі, то сітуацыя наўрад ці хутка зменіцца ў лепшы бок.

Аліна Скрабунова, «Белсат»