Turkmen.news: Туркменскіх студэнтаў затрымліваюць у Беларусі


У пераправу людзей праз мяжу ў Беларусі масава ўцягнулі туркменскіх студэнтаў. Да такой высновы прыйшло выданне «Turkmen.news», публікуючы ліст Міністэрства адукацыі Беларусі ў навучальныя ўстановы нашай краіны. Дакумент – за подпісам намесніка міністра Аляксандра Бахановіча.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дзе гаворыцца пра тое, што кіраўніцтва ВНУ мае ўважліва сачыць за сваімі студэнтамі, грамадзянамі Туркменістану, бо паводле інфармацыі памежнай службы, пачасціліся выпадкі, калі лавілі грамадзянаў Туркменістану ў памежнай паласе», – кажа рэдактар сайту «Turkmen.news» Руслан Мяціеў.

Аўтары артыкулу ў «Turkmen.news» са спасылкай на крыніцу ў кіраўніцтве адной з ВНУ Беларусі сцвярджаюць, што туркменскіх студэнтаў уцягнулі «ў дзейнасць міжнароднай мафіі». І тлумачаць, што туркменскім студэнтам складана адаптавацца ў чужой краіне, дзе яны мусяць працаваць, каб аплачваць навучанне.

«У многіх пазыкі менавіта праз тое, што яны прайграюць грошы ў казіно онлайн, робяць стаўкі і гэтак далей. Таму зараблянне хуткіх і, як ім здаецца, лёгкіх грошай – гэтая магчымасць іх прыцягвае, і яны аказваюцца ў такой сітуацыі», – тлумачыць Руслан Мяціеў.

Выданне «Turkmen.news» вартае даверу, кажа аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі, гэта альтэрнатыўнае выданне, зарэгістраванае ў Нідэрландах. Але праз яго ўлады Беларусі маглі зрабіць укід, бо ў інфармацыі пра затрыманні туркменскіх студэнтаў за кантрабанду людзьмі два бакі:

«І з аднаго боку, гэта можа быць укід інфармацыі для таго, каб з альтэрнатыўнай, не залежнай ад беларускіх уладаў крыніцы з’явілася гэтая інфармацыя і на яе можна было спаслацца. З іншага боку, гэта цалкам можа быць часткай праўды пра тое, што туркменаў сапраўды затрымліваюць», – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскія вайскоўцы і памежнікі на мяжы з Беларуссю.
Фота: Valstybės sienos apsaugos tarnyba / Facebook

Пра тое, што ў адказ на еўрапейскія санкцыі Беларусь не будзе надалей стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Еўразвязу, Лукашэнка заявіў у 2021-м годзе. З таго часу зʼявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі не толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць межы. Польскія памежныя службы таксама неаднаразова абвінавачвалі беларускі рэжым у арганізацыі плыні мігрантаў. Адна з такіх заяваў – словы прэс-сакратара Падляскага атраду Памежнай аховы Катажыны Здановіч:

«Мы маем справу з вялікім маштабам нелегальнай міграцыі, якую вельмі добра арганізавалі беларуская дзяржава і Расея. Беларускія службы, што калісьці ахоўвалі мяжу сваёй краіны, цяпер адказныя за арганізацыю незаконнага пераходу мяжы і шчыльна супрацоўнічаюць са злачыннымі групоўкамі».

У адказ на дзеянні рэжыму Лукашэнкі нашыя заходнія суседзі пабудавалі і працягваюць будаваць агароджы на мяжы, а таксама ўзмацнілі ахову. Усе тры дзясяткі выпадкаў затрыманняў і пакаранняў туркменскіх студэнтаў, пералічаныя ў дадатку да ліста Міністэрства адукацыі, датаваныя 2023-м годам. Калі студэнты сапраўды ўдзельнічалі ў кантрабандзе людзьмі, гэтыя затрыманні могуць азначаць, што ўлады вырашылі пазбавіцца ад памагатых.

«Нават калі спецслужбы выкарыстоўваюць сваіх людзей як агентаў уплыву ці збору інфармацыі, гэта людзі ў полі, якімі лёгка ахвяруюць. Тут жа гаворка нават не пра агентаў, а людзей, што паўдзельнічалі ў крымінальным бізнесе, хутчэй за ўсё», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Але наўрад ці рэжым гатовы адмовіцца ад ціску на Захад з дапамогай мігрантаў. Цягам толькі мінулых содняў памежнікі суседніх з Беларуссю заходніх краінаў спынілі 217 асобаў, што спрабавалі перайсці межы. З пачатку месяца такіх спробаў зафіксавана тры з паловай тысячы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»