Службы бяспекі Украіны заяўляюць: Дыверсія ў Мачулішчах – нашая работа


Памятаеце дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах? Праз год Служба бяспекі Украіны пацвердзіла дачыненне да яе ўкраінскіх спецслужбаў. Тады была пашкоджаная антэна ў расейскім самалёце А-50. А Лукашэнка апроч СБУ ў дыверсіі вінаваціў Цэнтральную выведвальную ўправу. Апошняя, аднак, не пацвердзіла і не абвергла ўдзел у аперацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Знішчэнне радыёлакацыйнай сістэмы на расейскім самалёце А-50 у Мачулішчах летась 26-га лютага было дыверсіяй Службы бяспекі Украіны, заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк у інтэрв’ю праграме «Факты» ICTV:

«А-50 у мінулым годзе. Мачулішчы. Аэрадром у рэспубліцы Беларусь. Хірургічна спрацавалі па антэне. У аператыўным складзе, на сваім слэнгу, патэльняю яе называлі. Два адпаведных нашых дрона нанеслі паспяховыя агнявыя пашкоджанні».

Гэта быў адзін з сямі варожых самалётаў, што ажыццяўлялі глыбокую радыёлакацыю па тэрыторыі Украіны. Каардынаваў ракетныя атакі. Два кітайскія манеўраныя дроны FPV незваротна вывелі з ладу радыёлакацыйную талерку, у выніку чаго самалёт коштам 330 мільёнаў долараў скіраваўся на рамонт у расейскі Таганрог. Пра дыверсію першапачаткова заявіў кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў:

«Гэта былі ўдзельнікі плану “Перамога” – беларускія партызаны, якія працягнулі справу чальцоў рэйкавай вайны ў лютым-сакавіку мінулага года».

Пазней «BYPOL» дадаў, што спецаперацыю праводзілі сумесна з СБУ. Лукашэнка ж цвердзіў, што датычнымі да дыверсіі былі толькі СБУ і амерыканскае ЦРУ. Што самалёт «…не пацярпеў нейкіх значных пашкоджанняў, апроч, як кажуць – драпін». А каб апраўдаць правал мясцовай сістэмы бяспекі, даказваў, што аперацыя была здзейсненая з выкарыстаннем самых высокіх тэхналогіяў і надзвычайных навыкаў пілота. Журналісты праграмы «Тыдзень» супольна з пілотам падобнага дрона правялі эксперымент: на такой жа адлегласці – 800 метраў – пасадзілі коптар у вызначаным пункце. Пілот зрабіў тры спробы і прызямліўся побач з коўдраю толькі таму, што ў ягонай самаробнай мадэлі камера не апускаецца ўніз, каб пабачыць дакладнае месцазнаходжанне.

Спадарожнікавае фота расейскага самалёта А-50 у ў Беларусі яшчэ да ўдару па аэрадроме Мачулішчы. 19 лютага 2023 года.
Крыніца: Planet Labs / nv.ua

«На відэа з Мачулішчаў бачна, як пілот вельмі павольна набліжаецца да антэны, апускае камеру і ледзь не па сантыметрах намацвае для сябе пляцоўку для пасадкі», – гучыць у праграме «Тыдзень».

Агулам жа аперацыя складаная, а чаму – тлумачыць былы працаўнік СБУ Іван Ступак:

«Мяжа закрытая. Пунктаў пропуску няма. Праехаць складана. Прайсці складана чалавеку. Але не проста прайсці, а таксама перамясціць пэўны груз. Калі мы кажам, што гэта беспілотнік, то часткамі яго завезці. Каб памежнікі беларускія не заўважылі, каб КДБ не вынайшла непасрэднае месца правядзення аперацыі. Каб мясцовыя не данеслі, нехта з мясцовых жыхароў».

Трэба было выведаць і вызначыць месца, адкуль запускаць. У патрэбны час зрабіць тэставыя палёты, якія пакажуць, ці не спрацуе сістэма радыёэлектроннай барацьбы. У іншы дзень выканаць заданне.

«Прыязджаюць сілы бяспекі, міліцыя, КДБ, спецназ. Пачынаюць ачапляць мясцовасць, правяраць камеры. То бок трэба хутка пакінуць месца, максімальна далёка зʼехаць. Памяняць машыны. Адну, другую. Ці схавацца ў нейкай здымнай кватэры», – працягвае Іван Ступак.

Спецслужбы затрымалі беларусаў і ўкраінца, быццам датычных да аперацыі. Прапагандысты зрабілі кіно. У «BYPOL» заявілі, што падазраваны ў здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах Мікалай Швец – не іхны чалавек. У СБУ на гэты конт яшчэ не выказаліся. Адзіная захада, якую ўвялі па дыверсіі і якая працуе, – забарона фізічным асобам увозіць і выкарыстоўваць дроны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»