Працоўныя рукі апынуліся ў дэфіцыце


На рынку працы – чарговы антырэкорд. Як вынікае з агульнарэспубліканскай базы вакансіяў, не стае амаль 141 тысячы працаўнікоў. Месяц таму вакансіяў было на 3,5 тысячы менш. У чым прычына?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я сумняюся, што вакансіяў больш, таму што адчыняюцца новыя прадпрыемствы. Людзей становіцца менш. Могуць быць розныя прычыны. Напэўна, з большага выходзяць на пенсію, а маладыя людзі, хутчэй, пераязджаюць у іншыя краіны», – мяркуе палітычны аглядальнік Яўген Каравулаў.

Паводле ж новых звестак Белстату, за люты колькасць занятых у эканоміцы вырасла амаль на 4 тысячы. Але агульная тэндэнцыя адваротная: за год занятых у эканоміцы беларусаў паменела амаль на 40 тысячаў.

«Вялікая колькасць вакансіяў – гэта станоўчы паказнік. Стандартна ў нармальнай краіне, у нармальнай эканоміцы – гэта станоўчы паказнік. Гэта азначае, што лёгка ўладкавацца на працу. Але мы разумеем, што ў Беларусі тады б мы бачылі не скарачэнне колькасці працаўнікоў, мы б бачылі рост эканомікі», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Як жа ж утрымаць працаўнікоў на сваіх месцах? Лукашэнка відавочна абірае не пернік, а бізун. Гэтак, для тых жа аграрыяў летась прапанаваў фактычна ўвесці прыгоннае права:

«Сёння ні адзін спецыяліст, ні адзін кіраўнік сяльгаспрадпрыемства не можа быць пераведзены на іншую працу альбо звольніцца без рашэння старшыні райвыканкаму».

Таксама сілаю збіраюцца прывязаць да сваіх працоўных месцаў медыкаў. Ці дапамогуць такія захады развязаць праблемы на рынку працы?

«Чалавек павінен быць упэўненым у заўтрашнім дні, а не тое, што сёння пагражаюць, што ў яго адымуць дыплом, заўтра скажуць, што без дазволу не зможа пераязджаць у іншы горад», – зазначае Яўген Каравулаў.

Фота: Белсат

Днямі Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога павялічваецца ліміт звыштэрміновай працы ў прамысловасці. Пра гэта яго нібыта папрасілі працаўнікі заводу «БелДжы». Прычына – не стае рук.

«Такім чынам Лукашэнка і ягонае атачэнне хочуць паспрабаваць гэтую праблему развязаць. Бо людзей, працаўнікоў, кваліфікаваных прафесіяналаў ім няма дзе абсалютна ўзяць. І адток кадраў усё павялічваецца. Будуць працаваць тыя, хто застаецца, за сябе і за таго таварыша», – гаворыць прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Паводле законаў рыначнай эканомікі, вялікая колькасць вакансіяў на рынку азначае канкурэнцыю сярод працадаўцаў, а значыць паляпшэнне ўмоваў для працаўнікоў і рост заробкаў. Але ці працуе гэта ў Беларусі?

«У Беларусі мы разумеем, што іншая абсалютна сітуацыя, вельмі вялікая доля працадаўцаў так ці іначай звязаная з дзяржавай: альбо фінансуецца з бюджэту, альбо асноўны ўласнік – дзяржпрадпрыемства. Яны вызначаюць планку, па якой ёсць рэгуляванне заробкаў», – падкрэслівае Аляксей Харкевіч.

34,5 рублі. На столькі намінальны налічаны заробак вырас у лютым, паведамляе Белстат. Цяпер афіцыйна ён складае 2025 рублёў. Падавалася б не мала, але не кожны за такую суму пойдзе закрываць дзіркі вакансіяў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»