Правяранні кандыдатаў на некаторыя пасады ўзаконілі


Ці лёгка стаць прыбіральнікам або сантэхнікам? Гледзячы дзе. Калі на такую пасаду вы паспрабуеце ўладкавацца, да прыкладу, у выканкам – рыхтуйцеся. Згодна з новаю пастановай ураду, у вас запытаюцца не пра тое, ці ўмееце вы рамантаваць кран або мыць падлогу, а пра тое, ці адбывалі вы адміністратыўны арышт. І ці не падавалі дакументаў на «карту паляка».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяжка пакуль уявіць, як менавіта яны сабе ўяўляюць гэты кантроль, як правераць, звяртаўся чалавек па карту паляка ці не звяртаўся, пры тым што дакладна польскія ўлады не будуць такую інфармацыю лукашэнкаўцам выдаваць», – кажа каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Каго будуць дадаткова правяраць? Работнікаў і тэхнічны персанал, якія абслугоўваюць органы дзяржаўнага кіравання – ад апарату Савету Міністраў і да мясцовых выканкамаў і адміністрацыяў. Пад кантроль трапяць работнікі арганізацыяў, падпарадкаваных ураду, а таксама прэтэндэнты на шэраг пасадаў: кіраўніцтва арганізацыяў, маёмасць якіх застаецца ў рэспубліканскай уласнасці, ды кіраўніцтва абласных саюзаў спажывецкіх таварыстваў.

«У Беларусі правы чалавека цалкам не выконваюцца – як працоўныя, так грамадскія і палітычныя. Таму не ў гэтай плашчыні гэта ўсё знаходзіцца, а ў плашчыні дадатковых рэпрэсіяў, якія яшчэ можна прымяніць», – кажа прадстаўнік незалежнага прафзвязу Дзяніс Садоўскі.

Цікавіць улады, ці няма ў кандыдата на пасаду судзімасці, ці не адбываў ён адміністратыўнага арышту, ці не рабіў дзеянняў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы Беларусі. Правераць таксама, ці не замяшаны ў карупцыйных злачынствах, ці не парушаў абмежаванняў, звязаных з вайсковаю службай. Асобны пункт правярання – ці не звяртаўся кандыдат па замежныя дакументы: атрыманне грамадзянства, віду на жыхарства ці правы на льготы за мяжой – як, да прыкладу, карта паляка.

Фота: Белсат

«З палітычнай логікі рэжым імкнецца выкінуць ад сябе як далей усіх непрыемных людзей, усіх палітычных праціўнікаў ці патэнцыйна нелаяльных з той жа картай паляка. А разам з тым эканамічна бачым праблему, што не хапае кадраў, таму спрабуе павялічыць размеркаванне, прывязаць да працоўных месцаў», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Правяранне на лаяльнасць, паводле пастановы ўраду, маюць ладзіць органы дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных справаў. Гэты працэс зойме не больш як месяц, а тэрмін дзеяння выніковага заключэння – паўгода. Але праверкі пры прыёме на працу масава праводзіліся ў Беларусі і да гэтага дакументу. Чым бліжэй да сталіцы, тым больш пільна правяраюць кандыдатаў у дзяржаўных установах, кажа Дзяніс Садоўскі.

«У асноўным гэта ідэалагічныя аддзелы на прадпрыемствах і дзяржаўных установах. Яны адказныя за кантроль, хто працуе, наколькі яны лаяльныя, куды яны траплялі. Гэтыя людзі атрымліваюць інфармацыю з розных крыніц – ці гэта КДБ, ці, умоўна кажучы, МУС», – кажа Дзяніс Садоўскі.

І прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці даўно мае вялікае значэнне пры прыёме на дзяржаўную службу. Цяпер жа людзям, нелаяльным да рэжыму, будзе яшчэ цяжэй уладкавацца на працу. А значыць, пастанова прывядзе да яшчэ большай міграцыі з Беларусі, лічаць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»