Лукашэнку чакае ордэр на арышт?


Украіна расследуе меркаваную ролю Беларусі ў ґвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін. Дзеянні ўкраінскай пракуратуры віталі сёння ў Брусэлі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я лічу гэтую пастанову пракуратуры Украіны – даследаваць залучанасць і адказнасць, што мусіць несці рэжым Лукашэнкі за незаконны трафік украінскіх дзяцей – вельмі справядліваю. Але не толькі за гэта мусіць несці адказнасць дыктатар Беларусі! Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці і за тое, што даў расейскім узброеным сілам тэрыторыю Беларусі для ўдару па Украіне, за тое, што расейскія ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі, расейскіх салдатаў трэнуюць на вашай тэрыторыі… І Беларусь мусіць атрымаць такі ж статус, як і ў Расеі – краіны, што падтрымлівае тэрарызм», – мяркуе дэпутатка Еўрапарламенту Сандра Калніетэ.

Агенцтва «Ройтэрз» адзначае, што адпаведная заява генпракурора Украіны была зробленая ў адказ на зварот беларускіх дэмакратычных сілаў, у якім сцвярджалася, што 2150 украінскіх дзяцей, у тым ліку сіроты ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, былі адпраўленыя ў дзіцячыя лагеры і санаторыі на тэрыторыі Беларусі без дазволу дарослых. Тую справаздачу рыхтавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка.

«Следства, мы спадзяемся, закончыцца тым, якую мэту мы паставілі: гэта ордар на арышт Лукашэнкі. Але залежыць гэта будзе, канечне, ад следчых і ад пракурора», – заявіў Павел Латушка.

Павел Латушка адзначае, што доказаў злачынстваў уладаў Беларусі вельмі шмат. Гаворка вядзецца пра «гігабайты фота і відэаматэрыялаў з канкрэтнымі асобамі», якія займаюцца перамяшчэннем украінскіх дзяцей на тэрыторыю і па тэрыторыі Беларусі. Адна з такіх асобаў – знакаміты паралімпіец Аляксей Талай. У сваім тэлеграм-канале ён нават і не хавае, чым займаецца, дзякуе за дапамогу ў сваіх справах Аляксандру Лукашэнку. Сваю дзейнасць Талай называе валанцёрствам.

«Мы дзякуем усім тым, хто дапамагае нам. У першую чаргу кіраўнік дзяржавы. Без яго вось такой падтрымкі мы б ніколі не змаглі б так сур‘ёзна, так аб’ёмна рэалізаваць тую ўсю гуманітарную місію пацярпелым людзям Данбаса. Гэта і “Беларуськалій”. А гэтую групу дапамагла прывезці нам расейская чыгунка», – кажа Аляксей Талай.

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, які рэпрэзентуе сваю краіну ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, адзначыў, што ґвалтоўнае перамяшчэнне дзяцей – гэта найцяжэйшае ваеннае злачынства. І вінаватым пагражае пажыццёвае зняволенне. Палітык абяцае, што на працягу расследавання, распачатага Генпракуратурай, Украіна будзе перадаваць усю інфармацыю пракурорам Міжнароднага суда ў Гаазе:

«Мы будзем спадзявацца, што з’явіцца ордар на арышт і Аляксандра Лукашэнку таксама, як ён ёсць і ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна. Нагадаю, што ў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі рады Еўропы, прынятай у красавіку, ёсць зварот да міжнароднага крымінальнага суда вывучыць ролю менавіта асобна Аляксандра Лукашэнку ў гэтых злачынствах».

Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

Спадзяецца на гэта і Павел Латушка. Ён паведаміў «Белсату», што каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення працуе над чарговаю справаздачай, якая мае на мэце пацвердзіць факты злачынстваў супраць чалавецтва. Латушка ўдакладніў, што гэтым разам збіраюцца ўсе факты дэпартацыі беларускага насельніцтва, сексуальны ґвалт з боку так званых сілавікоў і ґвалт у дачыненні тых, хто застаецца ў турме.

«У нас ёсць мэта – гэта пакараць Лукашэнку. Да, хтосьці можа скажа, ну, калісьці яму там выдадуць ордар, калі яго затрымаюць. Але заўсёды ўсе дыктатары, у адносінах да якіх быў выдадзены ордар на арышт, канчалі альбо смерцю, альбо ў турме. Таму гэта той сцэнар, які цяжкі, можа, доўгі, працяглы, але мы будзем ісці гэтай дарогай», – заявіў Латушка.

Пра тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі блізкі да таго, што яго дзеянні могуць быць прыраўнаваны да злачынства супраць чалавецтва, казала і дацэнт Універсітэцкага каледжу Лондану і спецыяліст у галіне правоў дзяцей Юлія Іофе.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»