Выкрадзеныя з акупаваных украінскіх тэрыторыяў дзеці апынуліся ў Беларусі


Абяцаюць аздараўленчыя працэдуры, свежае паветра і адпачынак ад вайны. Пралукашэнкаўскі актывіст, паралімпіец Аляксей Талай пацвердзіў інфармацыю пра прыезд у Беларусь новай групы дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Выдатная навіна: мы пашыраем геаграфію супрацы і дапамогі рэгіёну і дзецям, якія пацярпелі ад баявых дзеянняў. Мы чакаем сёння групу са ста дзяцей з Запарожжа. Упершыню. Мы вельмі гэтаму радыя», – заявіў Аляксей Талай у сваім тэлеграм-канале.

18 дзяцей, 11 з якіх маюць інваліднасць, прывезлі ў Астрашыцкі гарадок, большасць жа размясцілі ў аздараўленчым лагеры «Дуброва» ў Салігорскім раёне. База адпачынку належыць «Беларуськалію», а аздараўляць дзяцей з акупаванай часткі Украіны даручыў Лукашэнка. У Беларусі прынамсі чатыры-пяць гэткіх месцаў размяшчэння ўкраінскіх дзяцей, кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:

«Мы ведаем дакладна, што ў мінулым годзе гэта было 1050 дзяцей. Чарговая група прыехала 4 красавіка, гэта 350 дзяцей, планы ёсць прывезці, дэпартаваць яшчэ 1000 украінскіх дзяцей. Гэта маштабная дзейнасць, накіраваная не толькі, каб прывозіць дзяцей у лагер “Дуброва”, але таксама ў іншыя рэгіёны Беларусі. Гэта Гомельская, Віцебская вобласць».

Дзяржаўныя медыі, як і Аляксей Талай, паказваюць кадры, дзе дзеці ўсміхаюцца і махаюць рукамі, але дзеці, якіх украінскія бацькі змаглі вярнуць дадому з Расеі, распавядаюць іншае.

«Казалі, што ўдачараць. Возьмуць апеку».

«Нам казалі, што на тыдзень працягнецца, потым гэта працягнулася на месяц і мы паехалі ў іншы лагер».

«Яны да нас ставіліся як да звяроў, яны нас не прымалі за людзей, яны нас закрылі ў асобным корпусе. Пасля нам пачалі штодня казаць, што ад нас бацькі адмовіліся, што мы там нікому не патрэбныя», – кажуць вернутыя дзеці.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордары на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі ЛьвовайБяловай. Іх падазраюць у прымусовай дэпартацыі і перамяшчэнні дзяцей. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення збірае інфармацыю пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў злачынстве выкрадання дзяцей.

«Чамусьці хтосьці вырашае іх лёс на будучыню: у якой краіне яны будуць жыць, якое грамадзянства будуць мець, якой мовай павінны размаўляць. Гэта не мае права рабіць ні Аляксей Талай, ні Аляксандр Лукашэнка. Гэта ўсё ёсць ваенным злачынствам», – перакананы Павел Латушка.

Толькі Украіна і Міжнародны крымінальны суд у Гаазе могуць прыняць прававое рашэнне ў гэтай справе, кажа палітык.

«Нават нягледзячы на тое, што Лукашэнка не падпісаў Рымскага статуту міжнароднага крымінальнага суда, з улікам таго, што Украіна пастанавіла распаўсюджваць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда на тэрыторыю Украіны пасля 2014 года, ваенных дзеянняў, акупацыі тэрыторыі Украіны, юрысдыкцыя на выдачу ордару на арышт Лукашэнкі распаўсюджваецца», – тлумачыць Павел Латушка.

Еўракамісія з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну вылучыла больш за дзесяць мільёнаў еўраў Міжнароднаму крымінальнаму суду для падмацавання расследавання злачынстваў ва Украіне. Еўразвяз увёў таксама санкцыі супраць шаснаццаці службовых асобаў, адказных за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.

«Украіна і Польшча выступілі ініцыятарамі правядзення канферэнцыі, якую будзе ладзіць Еўракамісія ў справе дэпартацыі дзяцей, калі не памыляюся, яна мае праходзіць у Польшчы, на якой будуць выпрацоўвацца магчымыя механізмы вяртання дзяцей». – кажа намесніца кіраўніка аналітычнага аддзелу Украінскага Хельсінкскага таварыства правоў чалавека Аксана Філіпішына.

Паводле ўкраінскай платформы «Дзеці вайны», станам на дваццаць чацвёртага красавіка ва Украіну вярнулася толькі 361 гвалтоўна вывезенае дзіця.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»