У Беларусі працягваюцца рэйды спецслужбаў


Другі дзень у Беларусі спецслужбоўцы працягваюць рэйды да родных вязняў, наведваюцца і да былых палітзняволеных.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта будзе працягвацца, працы ім будзе непачаты край, таму што дапамогі, па сабе суджу, паступала дастаткова шмат ад розных людзей і яны цяпер усё знаходзяцца па-за бяспекай», – кажа блогер рэсурсу «Народны рэпарцёр», былы палітвязень і прэс-сакратар «BELPOL» Аляксандр Кабанаў.

Акурат атрыманне дапамогі праваабаронцы называюць адною з самых верагодных прычынаў цяперашніх масавых ператрусаў. Нібыта сілавікі прыходзілі да сем’яў тых вязняў, якім праект «INeedHelpBY» аплачваў прадукты. На мінулым тыдні КДБ дадаў ініцыятыву ў спіс так званых экстрэмісцкіх фармаванняў. Але вядома пра гэта стала толькі ўчора.

«Больш за 16 000 семʼяў, якія пацярпелі падчас пратэстаў і наступных за імі рэпрэсіяў, на працягу 3 гадоў на суму ў паўтара мільёна доляраў у агульнай складанасці атрымалі дапамогу праз гэтую ініцыятыву. Яна карысталася такімі магчымасцямі, як Е-дастаўка. Е-дастаўка – гэта менавіта прадзяржаўная бізнэс-структура Еўраопта», – кажа кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 0512.com.ua

З заклікам да міжнароднай супольнасці зрэагаваць на ўзмацненне рэпрэсіяў у Беларусі, асабліва супраць семʼяў палітычных вязняў, выступіла Святлана Ціханоўская:

«Сярод затрыманых – Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча, пакаранага 14 гадамі пазбаўлення волі. Я заклікаю сусветную супольнасць рашуча адрэагаваць на гэтае злачынства».

Сёння ж стала вядома, што Марыне Адамовіч прызначылі пятнаццаць содняў паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве.

«Самае дрэннае, што можа здарыцца з людзьмі, якія затрыманыя, – могуць быць прадʼяўленыя крымінальныя абвінавачанні. Яны могуць патрапіць пад крымінальны пераслед менавіта за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Хаця нічога экстрэмісцкага ў атрыманні дапамогі для людзей, якія зараз у турмах безумоўна няма», – кажа Андрэй Стрыжак.

Не засталіся абыякавымі да падзеяў у краіне і беларусы замежжа. У Варшаве яны зладзілі пікет каля будынку Міністэрства замежных справаў Польшчы з патрабаваннем больш рашучых дзеянняў польскіх уладаў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі.

«Трэба падтрымліваць кожную акцыю, якая можа прывесці да хоць нейкага выніку ў справе палітвязняў. Іначай усё часцей мы будзем чытаць сумныя навіны з Менску пра чарговыя хапуны і там будуць затрымліваць і па 50, і па 100 асобаў за дзень», – заявіў палітолаг, былы працаўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Анатоль Котаў.

За ўвесь час мітынгу да беларусаў з будынку польскага МЗС так ніхто і не выйшаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»