Саміт АДКБ упершыню адбыўся без Арменіі


Сёння ў Менску на адмысловы саміт сабраліся кіраўнікі дзяржаваў АДКБ. Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі, аднак, сабралася не ўсім калектывам. Армянская дэлегацыя проста не прыляцела. Апроч гэтага, у медыях і сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваюць, ці быў у Аляксандра Лукашэнкі трэмар, калі ён сустракаў Пуціна, бо ёсць даволі дзіўнае відэа ад расейскіх СМІ. Аднак засяродзімся на палітычных наступствах саміту для Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На 7 сцягоў – усяго 6 дэлегацыяў, з іх адна – гэта сакратары арганізацыі. Так выглядаў і збор кіраўнікоў дзяржаваў у чацвер, і падрыхтоўка да саміту АДКБ у Менску, калі сабраліся міністры абароны і замежных справаў ды генсекі саўбезаў кожнай краіны-ўдзельніцы. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян дэманстратыўна не прыляцеў сам і не даслаў ніякай замены. Засталося толькі пяць краінаў: Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

«АДКБ стваралі як інструмент працягу ўлады Крамлю на постсавецкай прасторы. Цяпер па лёсе гэтай арганізацыі мы бачым, што адбываецца з кантролем Крамлю на постсавецкай прасторы», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Адныя СМІ звярнулі ўвагу, што армянскі сцяг стаяў на першых месцах, другія – што ў Лукашэнкі дзіўна дрыжэла галава на відэа ад расейскага агенцтва «РИА НОВОСТИ». Лукашэнка як сёлетні старшыня АДКБ, падчас перадачы старшынства Касым-Жамарту Такаеву, пахваліўся ўласнымі поспехамі ў арганізацыі, але абвінаваціў у дэмаршы кіраўніцтва Арменіі.

«Тое, што некаторых нашых партнёраў штарміць і ў публічных выказваннях, і ва ўчынках правакатыўнага характару, – перадусім іхныя праблемы. Калі ёсць праблемы, трэба агучваць іх вочы ў вочы, а не размаўляць праз укіды ў сродкі масавай інфармацыі», – завочна крытыкаваў Пашыньяна самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка, які амаль 30 гадоў трымаецца за ўладу ў Беларусі, завочна назваў Нікола Пашыньяна палітыкам-аднаднеўкай і стваральнікам канфлікту. Разʼюшанасць зразумелая: паводле артыкулу 12 статуту Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі, каб прыняць нейкае рашэнне, АДКБ мусіць мець згоду ўсіх чальцоў.

«Канешне ж, мы разлічваем, што Арменія будзе працягваць сваю працу ў межах Арганізацыі», – заявіў перад самітам прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Саміт АДКБ у Менску, Беларусь. 23 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

У Маскве ўжо заяўлялі, што прэмʼер Пашыньян «сядзіць на заходнім ланцугу».

«Хто ж стаіць за жаданнем навязаць гэтай краіне, гэтаму народу такую ідэалогію? Захад, відавочна. І гэтага ніхто не хавае», – так прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава пракаментавала паведамленне, што армянскай дэлегацыі ў Менску не будзе.

Але Арменія пакуль не плануе выходзіць з арганізацыі. Ёй больш выгадна гандлявацца з Масквой пад пагрозай тарпедаваць усе рашэнні адсутнасцю свайго подпісу, мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст. Бо сённяшнія дакументы адмыслова павязуць у Ерэван, каб прасіць Пашыньяна іх разгледзець.

«Генеральны сакратар АДКБ паедзе ў Ерэван. А ў Ерэване яму скажуць, што АДКБ робіць недастаткова, а ў нас вайна з суседам, які ў АДКБ не ўваходзіць. Таму або вы прымеце нейкія рашэнні, ці мы не падпішам», – мяркуе Юрый Дракахруст.

Сярод прынятых рашэнняў – развіццё сістэмы крызіснага рэагавання АДКБ, стварэнне прэс-цэнтру і прызначэнне на пасаду начальніка Абʼяднанага штабу Андрэя Сердзюкова. Расейскі генерал-палкоўнік вядомы ўдзелам у бамбаванні Сірыі ды Украіны, а ў студзені 2022-га года камандаваў сіламі АДКБ у Казахстане, калі сілавікі Касым-Жамарта Такаева разганялі народныя пратэсты з ужываннем баявой зброі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»