Генасамблея ААН ухваліла алімпійскае замірэнне


«Калі ласка, дайце міру шанц», – гэтак прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах заклікаў Генеральную асамблею ААН прагаласаваць за рэзалюцыю аб алімпійскім замірэнні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У выніку яе ўхвалілі сто васямнаццаць краінаў са ста дваццаці.

«Пасля Другой сусветнай вайны ў нас наўрад ці было столькі супрацьстаянняў, канфліктаў і войнаў, таму ў такі час місія алімпійскага руху, Алімпійскіх гульняў нават больш важная, чым калі-небудзь, – мяркуе Томас Бах. – Таму мы сапраўды ўражаныя гэтай падтрымкай Генасамблеі ААН. Я думаю, што гэта вельмі ясны сігнал таго, што міжнародная супольнасць, свет, сапраўды прагне чагосьці аб’яднальнага сярод усёй гэтай канфрантацыі».

Зрэшты, дзве краіны – Расея і Сірыя – падчас галасавання ўстрымаліся. Масква так патлумачыла сваё рашэнне.

«Нашых алімпійцаў і паралімпійцаў пазбаўляюць мараў, дзеля якіх яны жылі і працавалі. Ім забаронена выступаць за сваю краіну, слухаць яе гімн і радавацца ўзняццю сцяга», – паскардзілася намесніца прадстаўніка Расеі ў ААН Марыя Забалоцкая.

Традыцыя спынення войнаў і канфліктаў на час Алімпійскіх гульняў існавала ў старажытнай Грэцыі. У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт аднавіў гэты звычай. У найноўшай гісторыі менавіта Расея неаднойчы парушала такое замірэнне. У дзень адкрыцця гульняў 2008 года ў Пекіне Масква напала на Грузію. У 2014-м – анексавала Крым, а летась распачала вайну супраць Украіны. Падчас абедзвюх гэтых падзеяў таксама працягвала дзеяць алімпійскае замірэнне.

«Дзіўна, што яны сябе так некрывадушна павялі на гэты раз. Усе галасуюць за перамірʼе, і большасць гэтага прытрымліваецца. Расея ж відавочна не мае планаў скончыць вайну супраць Украіны да пачатку Алімпіяды ў Парыжы», – разважае палітолаг Анатоль Котаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нейтральны сцяг на Алімпійскіх гульнях. Крыніца:wonderzine.com

Затое за рэзалюцыю, сярод іншых, прагаласаваў лукашэнкаўскі прадстаўнік. Хаця звычайна Беларусь на пляцоўцы ААН выступае акурат з тых самых пазіцыяў, што і Расея.

«Часам, калі ёсць пэўны інтарэс, рэжым дазваляе сабе адыходзіць ад практыкі рабіць стоадсоткава як Расея. Рэжымная Беларусь захоўвае шанцы на большае прадстаўніцтва на Алімпіядзе нават у параўнанні з расейскімі атлетамі», – мяркуе Анатоль Котаў.

Раней Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў магчымасць удзелу ў гульнях спартоўцаў з Беларусі і Расеі, але выключна ў нейтральным статусе. А да таго ж – толькі тых, хто не выступіў у падтрыманне вайны супраць Украіны, не мае дачынення да армейскіх структураў і не выступае ў камандных дысцыплінах. Зрэшты, канчатковай пастановы МАК яшчэ не прыняў.

«Міжнародны алімпійскі камітэт дэлегаваў гэтае пытанне для рашэння міжнародным федэрацыям. І яны не прынялі ніякага рашэння. У прыватнасці, міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі, – кажа дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. – Я думаю што ў снежні, самае позняе ў лютым-сакавіку гэтыя рэкамендацыі будуць спускацца зверху да міжнародных федэрацыяў».

У выніку, як мяркуе Аляксандр Апейкін, у парыжскай Алімпіядзе прымуць удзел блізу сарака-сарака пяці беларускіх спартоўцаў. Гэта тыя асобы, якія адпавядаюць заяўленым МАК патрабаванням. А таксама тыя з іх, хто паспее прыняць удзел у неабходных кваліфікацыйных спаборніцтвах да гульняў.

Ян Федаровіч, «Белсат»