Што ў Беларусі робяць з інвестарамі?


Кампаніі «Solar land», «ATEC Holding GmbH», клініка «Новы зрок». Што аб’ядноўвае гэтыя тры бізнесы? Рэжым Лукашэнкі фактычна адабраў іх ва ўладальнікаў ці інвестараў, якія ў свой час паспяхова працавалі і плацілі ў бюджэт Беларусі шматмільённыя падаткі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Некаторыя інвестары не здаліся і збіраюцца судзіцца, напрыклад, грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіябод Машад. У яго летась адабралі суперсучасную фотаэлектрастанцыю, якую пабудавала ў Чэрыкаўскім раёне брытанская кампанія «Solar land». Страты – сотні мільёнаў долараў.

Машад падаў пазоў у міжнародны інвестыцыйны суд – Міжнародны цэнтр урэгулявання інвестыцыйных спрэчак. Сярод адказчыкаў без згадвання імёнаў пазначаныя: прэзідэнт, прэмʼер-міністр, кіраўнікі МЗС, Мінюсту, Мінэканомікі, Мінэнерга, Дзяржаўнага камітэту маёмасці.

«Шанцы для таго, каб выйграць гэтую справу ёсць. І больш за тое, шанцы для таго, каб выканаць рашэнне па гэтай справе, таксама ёсць. Бо, вядома, у Беларусі ёсць актывы за мяжой, у тым ліку ў ЕЗ. На іх не накладаўся арышт, як на расейскія ў сувязі з пачаткам вайны», – кажа юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

У гэтым месяцы самую буйную электрастанцыю Беларусі, адабраную ў прыватнай кампаніі «Solar land», спрабавалі прадаць з аўкцыёну. Але ахвотных яе набыць не знайшлося. Шматмільённае абсталяванне прастойвае.

«Таксічны прадавец. Ведаеце, беларускі ўрад нагадвае цыгана, які свайго каня 10 разоў прадае. Вось адзін ужо купіў, грошы заплаціў, потым нічога не атрымаў – пайшоў у суд. Хочаш яшчэ купіць? Ну, я хацеў бы, але ў іншага прадаўца», – дадае Кірылюк.

Паказальная і гісторыя медцэнтру «Новы зрок», які летась пазбавілі ліцэнзіі і вымусілі сысці з беларускага рынку. Напярэдадні стаў вядомы прысуд у гэтай справе – штраф за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць на 20 тысяч рублёў і канфіскацыя даходаў на 17 мільёнаў рублёў. Заснавальнік медцэнтру Алег Каўрыгін лічыць гэты прысуд не апошнім, а мэтай рэжыму – забраць усё абсталяванне і будынкі «Новага зроку».

Брытанец Кіябод Машад і беларускі прадпрымальнік Алег Каўрыгін хоць і згубілі буйныя грошы, але хаця б не паспыталі яшчэ аднаго віду гасціннасці, які нярэдка аказваюць інвестарам і бізнесоўцам у Беларусі, Чаго не скажаш пра Аляксандра Мураўёва, некалі вельмі паспяховага беларукага прадпрымальніка, які прыцягнуў у нашую краіну буйныя інвестыцыі аўстрыйскага бізнесу, а ў выніку страціў гады жыцця.

Аляксандр Мураўёў на судзе.
Фота: TUT.by

Пасля таго, як у 2015 годзе Мураўёў адмовіўся аддаць дзяржаве акцыі «Мотавела», што належалі звязанаму з ім аўстрыйскаму холдынгу «ATEC Investment GmbH», ён трапіў у СІЗА КДБ. Там, паводле бізнесоўца, яму пагражалі фізічнай расправай, пазней прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй актываў. Летась датэрмінова ён выйшаў на волю і зʼехаў за мяжу. Даў інтэрвʼю аўстрыйскаму агенцтву друку, у падрыхтоўцы якога ўдзельнічалі «Белсат» і Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

«У СІЗА КДБ і ў следчым ізалятары на Валадарцы я сустракаў вельмі шмат людзей, звязаных з бізнесам. Некаторым удалося прайсці праз шлях выкупу саміх сябе. Хтосьці атрымаў тэрміны. Так, каб атрымаць максімальныя тэрміны, я, напэўна, – адзін з рэкардсменаў», – кажа ён.

Паказальная ў гэтай гісторыі і адсутнасць уцямнай рэакцыі Аўстрыі.

«Калі адбыўся захоп уласнасці аўстрыйскіх кампаніяў, натуральна, я чакаў, што сам факт таго, што я – рэзідэнт Аўстрыі, падаткаплатнік Аўстрыі, службовая асоба аўстрыйскіх таварыстваў, усё, што я рабіў, – я прафесійна выконваў гэтую працу. І гэта будзе важна – з тым, каб разлічваць на палітычную абарону», – дадае Мураўёў.

Аляксандр Мураўёў цяпер таксама збіраецца судзіцца з рэжымам Лукашэнкі. Сума пазову можа дасягаць больш як двухсот сямідзесяці мільёнаў еўраў. Цалкам інтэрвʼю з бізнесоўцам глядзіце ў суботу на YouTube-канале «Белсату».

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»