Лукашэнка развітаўся з Палатай прадстаўнікоў


Віды дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі абмежавалі. Іх пералік будзе вызначаць урад, «зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці». Тыя, хто не трапіць у рэестр, мусяць перарэгістравацца ў юрыдычныя асобы. Адпаведны законапраект паспела зацвердзіць Палата прадстаўнікоў VII склікання на апошнім пасяджэнні 21 сакавіка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Развітваючыся з гэтым складам парламенту, Лукашэнка то жартаваў, то кідаўся ў пафас. Усім падзякаваў за добрую працу, выбраных – узнагародзіў:

«Абедзве палаты працавалі ў згодзе, у цесным кантакце з урадам і іншымі дзяржаўнымі органамі. І заўсёды ладзілі працу паводле інтарэсаў беларускага народу».

Нібыта «ў інтарэсах беларускага народу» гэтыя парламентарыі раней ухвалілі ў першым чытанні законапраект, які дае сілавікам супердоступ да інфармацыі аб беларусах з розных інфармацыйных сістэмаў.

Палата VII склікання таксама прыняла праект паправак у законы аб барацьбе з тэрарызмам. Службоўцы КДБ атрымалі законнае права прымяняць зброю нават у натоўпе.

Прызначаныя дэпутаты таксама ўхвалілі законапраект, які абавязвае ўсе рэлігійныя арганізацыі прайсці перарэгістрацыю. Такім жа чынам сёлета знішчылі ўсе апазіцыйныя партыі ў краіне.

Прынялі, апроч іншых, папраўкі аб SMS-позвах у ваенкаматы, аб узмацненні кары для ўхілістаў ад прызыву і аб мабілізацыі ў месцах зняволення.

Палата прадстаўнікоў VII склікання ўхваліла агулам 364 законы. Толькі 11 з іх ініцыявалі самыя дэпутаты. То бок, 3,02 %. І яшчэ 1 закон прапанаваў Савет Рэспублікі. Збольшага праекты вылучалі адміністрацыя Лукашэнкі і сілавыя органы.

Дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог», былы парламентарый Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што лічыць Палату прадстаўнікоў парламентам няма падставаў: выбараў у гэты орган фактычна няма, як няма і хоць якой-кольвек апазіцыі:

«Парламент – гэта прадстаўнічы орган. Ключавое слова – “прадстаўніцтва”. Ён мусіць забяспечыць у гэтым органе прадстаўніцтва ўсіх палітычных груп насельніцтва. І вось акурат гэтаму патрабаванню Палата не адпавядае цалкам».

Паседжанне дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў.
Фота: Палата Прадстаўнікоў / Telegram

Праўдападобна, карысць ад такой дзейнасці – хіба для рэжыму і для самых парламентарыяў.

«Для кагосьці гэта пэўны быў трамплін, – адзначыў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст. – Чалавек дзе-небудзь у Крычаве працуе ў райвыканкаме. А тут – у самы Менск паехаў! Дэпутат! Парламент! А раптам Лукашэнка ўбачыць, а можа, заўтра міністрам стане. У гэтым сэнсе для кагосьці гэта вельмі важна, канешне».

У склад дэпутацкага корпусу VIII склікання ўвайшлі 20 чальцоў з мінулага складу. Сярод іх – ліберал-дэмакрат Гайдукевіч і дэпутат-даўгавечнік Андрэйчанка. Дазволілі прайсці ў прадстаўнічы орган прапагандыстам Гігіну і Шпакоўскаму. Значыцца таксама і Азаронак, але не вядомы тэлеперсанаж, а ягоны дзядзька з Лепельшчыны. Усе – правераныя на лаяльнасць Лукашэнку.

Дакладна паводле такога ж прынцыпу ўкамплектавалі Савет Рэспублікі, а цяпер фармуюць Усебеларускі народны сход.

Юрый Дракахруст упэўнены: Лукашэнка такім чынам рыхтуе Беларусь да свайго няхуткага сыходу.

«Ён не збіраецца нікуды сыходзіць, здароўе пакуль дазваляе. І ён узначаліць гэты самы Сход, стане старшынём Прэзідыуму. Плюс да таго ж ён у наступным годзе пойдзе на прэзідэнцкія выбары».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў VIII склікання маюць прыступіць да працы не пазней за 25-га сакавіка.

Марына Яновіч, «Белсат»