Прадстаўнікі партыі «Белая Русь» і беспартыйныя склалі большасць Палаты прадстаўнікоў


Амаль палову мандатаў у Палаце прадстаўнікоў забралі прадстаўнікі праўладнай партыі «Белая Русь», яшчэ 40 дэпутатаў не ўваходзяць ні ў якія партыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Крыніца: redflag.by

Прадстаўнікі партыі «Белая Русь» атрымалі ў Палаце прадстаўнікоў 51 месца са 110, вынікае з аналізу, які правялі журналісты выдання «Позірк».

Другою буйною групаю ў ніжняй палаце парламенту стануць беспартыйныя – ім дасталася 40 месцаў.

Рэшта дэпутацкіх крэслаў – у прадстаўнікоў праўладных палітычных партыяў, якія засталіся ў Беларусі пасля так званай перарэгістрацыі, праведзенай уладамі ў 2023 годзе.

Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці зоймуць 8 крэслаў у парламенце, Камуністычнай партыі Беларусі – 7, прадстаўнікам Ліберальна-дэмакратычнай партыі дасталася ўсяго 4 месцы – гэта найменшы паказчык сярод палітычных партыяў, нягледзячы на тое, што яе кіраўнік Алег Гайдукевіч з’яўляецца адным з самых адданых служкаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На першую сесію новая палата прадстаўнікоў збярэцца ў другой палове сакавіка, паведамляюць дзяржаўныя медыі.

На выбары 25 лютага былі дапушчаныя толькі лаяльныя рэжыму кандыдаты, якія прайшлі дасканалы адбор. Самі выбары адбыліся ў атмасферы страху і неверагодных рэпрэсіяў, якія беларускія ўлады разгарнулі ў 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў