Дзверы арыштаванай кватэры апячаталі і прыварылі


«На дзвярах ягонай кватэры ў Менску цяпер вісіць паперка з надпісам “накладзены арышт”», – так прапагандыст Ігар Тур у сваёй праграме на ОНТ распавядае пра апячатаныя дзверы ў кватэру аднаго з актывістаў «Народнай амбасады» і «Беларусаў замежжа» Аляксея Ерахаўца. Але дзверы не проста апячаталі – праўладныя тэлеграм-каналы дадаюць, што кватэру арыштавалі, дзверы прыварылі, і жытло плануюць канфіскаваць. У Следчым камітэце заявілі, што маюць інфармацыю пра больш як сотню прадстаўнікоў «радыкальных дыяспараў». Супраць іх распачалі крымінальную справу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ужо ўстаноўлена больш за 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам на тэрыторыі нашай краіны», – адзначыў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь Сяргей Кабакевіч.

Судзіць фігурантаў верагодна будуць завочна. А вось беларусаў, што вырашылі вярнуцца з-за мяжы, затрымліваюць і судзяць паводле надуманых абвінавачанняў. У Менскім гарадскім судзе Алена Шылько пачала разглядаць справу 29-гадовага нарадзінца Жабінкі Рамана Галузы, які вярнуўся ў Беларусь улетку 2022-га. Палітвязня абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, але дэталяў справы не раскрываюць. Цяпер яму пагражае да 15-ці гадоў калоніі.

Юрыст Раман Кісляк тлумачыць, што рэжым робіць адмысловыя захады, каб беларусы не ведалі пра пагрозу іхнага затрымання:

«Органы, якія працуюць з крымінальнымі справамі, часта не распачынаюць крымінальных справаў супраць некаторых асобаў паводле некаторых фактаў. Або распачынаюць, але не прыцягваюць як падазраваных. І пры вяртанні чалавека ў краіну гэта вышуковая справа ператвараецца ў крымінальную справу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: aif.ru

Сваякі затрыманых у Беларусі таксама найчасцей не ведаюць прычынаў затрымання блізкіх. Пасля трыццаці содняў арышту не выйшаў на волю Дзмітрый Кучук. Кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» затрымалі падчас ускладання кветак ля амбасады Расеі ў дзень смерці Аляксея Навальнага.

Памёр бацька Міколы Статкевіча. Пра ягоную смерць у сваім «Фэйсбуку» паведаміла жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч. Падчас папярэдніх зняволенняў Міколы Статкевіча ягоны бацька кантактаваў з медыямі, у тым ліку з нашым каналам, распавядаў пра сына:

«Мне яго таварыш гаварыў: мы мысленна развіталіся з нашымі семʼямі. І ўсё адно пайшлі. Ну характар такі ў чалавека».

Хоць існуе юрыдычная магчымасць адпусціць зняволенага развітацца з памерлым блізкім, у пераважнай большасці выпадкаў улады яе ігнаруюць, кажа Раман Кісляк. А часта нават не адразу паведамляюць пра смерць родных.

«Тое, што Статкевіча трымаюць інкамунікада, гэта ўжо ёсць катаваннем, жорсткім бесчалавечным абыходжаннем. Напэўна, гэта робіцца адмыслова, бо частка зняволеных мае магчымасць перапісвацца, а частка пастаўленая ў такія ўмовы. У гэтым кантэксце гэта можна прызнаць катаваннем», – мяркуе Раман Кісляк.

Ад палітзняволенага Міколы Статкевіча няма ніякіх звестак ужо больш за чатырыста дзён.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»