Ціханоўская на Генасамблеі ААН: Беларусь мусіць быць на парадку дня


Прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці і дапамагчы палітвязням заклікала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна ў складзе дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі бярэ ўдзел у Генеральнай асамблеі ААН. Там жа прысутнічае і МЗС Беларусі, які вельмі празрыста намякае калі не на скасаванне, дык хаця б на змякчэнне санкцыяў. Чыя пазіцыя гучыць больш абгрунтавана?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь на парадку дня ў Радзе бяспекі ды ў Радзе правоў чалавека ААН – такія мэты мае Святлана Ціханоўская, беручы ўдзел у 78 сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

«Рэжым Лукашэнкі стаў фізічнаю пагрозаю міжнароднаму міру і бяспецы. Беларусь мае патрэбу ў вашай неадкладнай увазе і дзеяннях. Тысячы палітычных зняволеных застаюцца за кратамі. Сотні тысяч асобаў мусілі пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Гэта паваротны момант у гісторыі, і я прашу сусветную супольнасць устаць на наш бок у барацьбе за існаванне нашай краіны і народу», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

У межах некалькіх панэляў і сустрэчаў лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў узняла пытанне прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за: выкраданне ўкраінскіх дзяцей, хаўрусніцтва ў вайне Расеі супраць Украіны і ў злачынствах супраць чалавецтва. Казала яна падчас выступаў і пра вызваленне палітвязняў.

«Лепшага месца, каб падняць пытанні, што нас хвалююць, у свеце няма. І тое, што тут прысутнічае дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі, само па сабе ўжо ёсць вялікім дасягненнем», – каментуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Мела Ціханоўская і асабістыя сустрэчы з міністрамі замежных справаў, з якімі, сярод іншага, абмеркавала магчымасці супрацы ў беларускіх пытаннях.

«З албанцамі гаварылі пра тое, каб узняць перад генеральным сакратаром ААН пытанне Беларусі. Трэба, каб дзяржавы-саюзнікі ўздымалі гэтыя пытанні, бо ў нас няма такой магчымасці пакуль што гэтага зрабіць. Мы будуем нашую кааліцыю, умацоўваем альянс тых, хто падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, даём ім канкрэтныя парады наконт стратэгіі – якая стратэгія можа спрацаваць», – патлумачыў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Зрэшты, з высокае трыбуны пра Беларусі прагучала – прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра паглынанне нашай краіны Расеяй.

«Кожнае дзесяцігоддзе Расея пачынае новую вайну. Часткі Малдовы і Грузіі застаюцца акупаванымі, Расея ператварыла Сірыю ў руіны. Калі б не Расея, у Сірыі ніколі бы не была скарыстаная хімічная зброя. Расея амаль паглынула Беларусь. Відавочна, што гэта пагражае Казахстану і краінам Балтыі», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Вось толькі палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што літаральна ўспрымаць гэтую заяву не варта.

Святлана Ціханоўская ў залі Генеральнай Асамблеі ААН падчас прамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Нью-Ёрк, ЗША. 19 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Палітыкі выкарыстоўваюць Генеральную асамблею дзеля нейкіх перамоваў, дзеля нейкіх кантактаў, наладжвання нейкага дыялогу. А самыя выступы наўрад ці могуць на нешта паўплываць», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Прысутнічаюць на Генасамблеі і прадстаўнікі афіцыйнага Менску. Узначальвае дэлегацыю міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Падчас свайго выступу ён выказваў падтрыманне Кітаю за ініцыятыву глабальнага развіцця ды хай сабе прыхавана, але ўздымаў пытанне санкцыяў.

«Упэўненыя, што ініцыятыва глабальнага развіцця будзе спрыяць далейшаму дасягненню мэтаў устойлівага развіцця, станаўленню шматпалярнага свету, дапаможа ліквідаваць выкарыстанне незаконных аднабаковых прымусовых захадаў, якія сур’ёзна замінаюць выкараненню беднасці, запэўніванню харчовай бяспекі і закранаюць шмат якія іншыя кірункі ў межах мэтаў устойлівага развіцця», – прамовіў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік.

На думку палітолага Валерыя Караблевіча, санкцыйныя захады – балючая тэма для рэжыму Лукашэнкі, таму Алейнік не мог не закрануць яе.

«Ніякага дачынення да адмены санкцыяў гэта не мае і мець не можа. Бо санкцыі ўведзеныя краінамі Захаду – і ўведзеныя за канкрэтныя дзеянні ўладаў Беларусі. І пакуль тыя не зменяць сваіх паводзінаў, гаворка пра адмену санкцыяў не стаіць», – тлумачыць палітолаг Валерый Карбалевіч.

Таму ў значнай ступені свае сілы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў скіравалі на дамовы пра спрашчэнне ўмоваў легалізацыі і працы беларусаў у замежжы, а таксама пра падтрыманне еўрапейскімі краінамі новага беларускага пашпарта.

Аліна Скрабунова, «Белсат»