Голас Свабоднай Беларусі гучыць на Генасамблеі ААН


Тэма «эскадронаў смерці», якія выкрадалі і забівалі палітычных праціўнікаў Лукашэнкі, гучыць сёння і ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У Нью-Ёрк на 78-ю Генеральную Асамблею паляцела Святлана Ціханоўская, якая на палях сусветнай падзеі сустракаецца з кіраўніцтвам дзяржаваў, каб прасоўваць павестку Свабоднай Беларусі. Разам з тым эксперты адзначаюць, што на Генасамблеі Аляксандр Лукашэнка пайшоў у контратаку – разам з саюзнікамі з іншых дыктатураў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Будынак, да якога цяпер прыкутая ўвага ўсяго свету. Трыбуна, на якой выступаюць саюзнікі і ворагі. У Штаб-кватэры ААН распачалася Генеральная Асамблея, сёлета прысвечаная «аднаўленню даверу і адраджэнню глабальнай салідарнасці». У мерапрыемствах удзельнічае і Святлана Ціханоўская – не як спікер Генасамблеі, але там яна сустракаецца з палітыкамі з усяго свету.

«Я буду гаварыць пра нашых палітвязняў – неабходныя рашучыя дзеянні па іх вызваленні. Я буду гаварыць пра пагрозу незалежнасці – Расея павінная вывесці свае войскі, сваю ядравую зброю з нашай краіны. Я буду гаварыць пра прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму, якія захапілі і незаконна ўтрымліваюць уладу», – звярнулася да грамадзянаў абраная прэзідэнтка Беларусі.

На пачатку працоўнага візіту ў Злучаныя Штаты Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Гватэмалы і з гватэмальскім прэзідэнтам Алехандрам Яматэем, якому падзякавала за падтрымку Украіны і Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Ціханоўская заклікала Гватэмалу дапамагаць у прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, а таксама не купляць калійныя ўгнаенні ў абыход санкцыяў. Чаму гэта важна – патлумачым праз момант. Таксама абраная прэзідэнтка Беларусі ўзяла ўдзел у закрытай сустрэчы міжнародных лідараў, арганізаванай у Нью-Ёрку Давоскім Сусветным эканамічным форумам, з кіраўнікамі і міністрамі замежных справаў краінаў Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Азіі і Еўропы.

«Беларусы павінныя мець магчымасць легальна знаходзіцца і працаваць у іншых краінах, асабліва тыя, хто пацярпелі ад рэжыму. Я буду гаварыць праўду, у адрозненні ад прадстаўнікоў рэжыму, што будуць ілгаць на паседжаннях пра бяспечную і квітнеючую Беларусь», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў Еўпрапейскім парламенце. 13 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Лукашэнка на Генасамблею не паляцеў, адправіў кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка. Сярод ягоных задачаў можа быць, напрыклад, фармаванне групы краінаў, якія залежаць ад экспарту ўгнаенняў, каб лабіяваць адмену санкцыяў супраць «Беларуськалію», папярэджваюць эксперты.

«Яны спрабуюць паказаць і пераканаць астатніх, што беларускія ўлады абсалютна легітымныя. З імі размаўляюць, паўсюль запрашаюць. А ізаляцыя – гэта фантазія заходніх краінаў, таму давайце, ўсе астатнія краіны, супрацоўнічаць яшчэ больш», – тлумачыць дырэктарка Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алена Кудзько.

Саюзнікі ў Лукашэнкі ёсць. Напярэдадні 11 дыктатураў, у тым ліку Расея, КНДР, Венесуэла, Сірыя і Куба, напісалі скаргу старшыні Генасамблеі на тое, што ў дакументах ААН няма асуджэння санкцыяў супраць кіраўніцтва гэтых краінаў. Бо менавіта ад санкцыяў нібыта паміраюць людзі. Ад Беларусі свой подпіс паставіў прадстаўнік у ААН Валянцін Рыбакоў.

«Уключэнне фармулёвак, патрэбных гэтым дыктатурам, нават у сімвалічны палітычны дакумент, спрычыніцца да значнай прапагандысцкай перамогі і да ўдару па палітыцы, якая карае аўтарытарныя рэжымы і прасоўвае правы чалавека», – тлумачыць у адмысловым артыкуле Джымі Кўін, карэспандэнт «National Review» у справе нацыянальнай бяспекі.

Выданне «National Review», што апублікавала гэты ліст, звяртае ўвагу: 11 дыктатур спасылаюцца на крыніцы ў ААН, якія асуджаюць санкцыі супраць іх рэжымаў. Падобна, гаворка ідзе пра Алену Доўгань, прафесарку БДУ, якая актыўна выступае ў расейскіх СМІ і зʼяўляецца спецыяльным прадстаўніком у ААН.

Лукашэнка і іншыя дыктатуры ідуць у наступ, каб абараніцца, тлумачыць дырэктарка Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алена Кудзько:

«Гэта такі інтэрнацыянальны рух па забароне санкцыяў. Яны хочуць паказаць, што незадаволеных палітыкай Захаду вельмі шмат, і трэба мяняць міжнародныя правілы. Лукашэнка разлічвае, што больш краінаў далучыцца, бо яны баяцца, што самі трапяць пад санкцыі ў будучыні».

Як дэмакратычны свет адкажа на дзеянні Лукашэнкі і пагрозу незалежнасці Беларусі – міністры Літвы, Ісландыі, Нямеччыны, а таксама высокі прадстаўнік Еўразвязу абмяркуюць на адмысловым сайд-івэнце Генеральнай асамблеі ў чацвер. Святлана Ціханоўская выступіць на пачатку мерапрыемства.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»