Нагорны Карабах капітуляваў?


Нагорны Карабах, аэрапорт Сцепанакерту. Тысячы армянаў чакаюць эвакуацыі пасля фактычнай капітуляцыі непрызнанае рэспублікі. Улады Карабаху заявілі, што прымаюць умовы Баку дзеля прыпынення баявых дзеянняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падраздзяленні Узброеных сілаў Арменіі, размешчаныя ў Карабахскім раёне Азербайджанскай Рэспублікі, незаконныя армянскія ўзброеныя фармаванні складаюць зброю, пакідаюць баявыя пазіцыі і вайсковыя пасты ды цалкам раззброеныя», – заявіў прэс-сакратар Міністэрства абароны Азербайджану Анар Эйвазаў.

У Арменіі пазіцыю Нагорнага Карабаху дзеля прыпынення агню падтрымалі. Аднак афіцыйны Ерэван сцвярджае, што не ўдзельнічаў у рыхтаванні тэксту абвешчанай дамоўленасці.

«У той жа час у тэксце згадваюцца армянскія Узброеныя сілы і гаворыцца аб падраздзяленнях Узброеных сілаў Арменіі, што застаюцца ў Карабаху. Нам гэта незразумела – мы неаднаразова казалі, што са жніўня 2021 года ў Арменіі няма войска ў Нагорным Карабаху», – заявіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян.

На дваццаць першага верасня ў Еўлахе запланаваная сустрэча прадстаўнікоў Карабаху з азербайджанскімі ўладамі. На парадку дня – гарантыі правоў і бяспекі армянскага насельніцтва непрызнанай рэспублікі. Паводле Нікола Пашыньяна, адказнасць за выкананне такіх абавязанняў мусяць несці расейскія міратворцы. Бо менавіта яны выступілі пасярэднікамі ў карабахскіх дамоўленасцях. Аднак падчас баявых дзеянняў, акрамя як пры эвакуацыі цывільнага насельніцтва, расейскі міратворчы корпус сябе ніяк не праявіў, адзначаюць эксперты.

«Цяпер яны выконваюць працу, я б сказаў, асістэнта азербайджанскіх уладаў. Мэта якога – дэпартаваць як мага болей карабахскіх армянаў са свайго рэгіёну», – мяркуе палітолаг Аркадзь Дубноў.

Армяне масава пачалі пакідаць Нагорны Карабах. Крыніца: reartsakh / Telegram

Іншае – ўмяшанне Расеі ў карабахскі канфлікт цяпер было малаімаверным, зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Па-першае, Крэмль заняты вайною ва Украіне. Па-другое, яго пазіцыя робіцца ўсё менш праармянскаю. Асабліва з улікам таго, што Ерэван гатовы ратыфікаваць Рымскі статут, а значыць, закрыць усе шляхі ў сваю краіну для Уладзіміра Пуціна.

«Цяпер такая склалася геапалітычная сітуацыя, калі Азербайджан адчуў, што з боку Арменіі ўвогуле не будзе ніякага супраціву. На фоне таго, што сама Арменія дастаткова слабая. І на фоне таго, што ў Расеі з Арменіяй ёсць відавочныя “цёркі” і Крэмль не збіраецца дапамагаць ёй. Азербайджан адчуў, што цяпер настаў час паставіць кропку ў гэтым карабахскім канфлікце», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Карабахскі канфлікт абвастрыўся ўчора. З абвяшчэннем Азербайджанам пачатку антытэрарыстычных захадаў лакальнага характару. Содні тэрыторыя непрызнанай рэспублікі была пад масаваным абстрэлам. Паводле армянскіх уладаў, загінулі трыццаць дзве асобы. Міжнародная супольнасці заклікала абодва бакі прыйсці да міру праз перамовы. Пры гэтым на баку Азербайджану выступілі прынамсі Турцыя і Іран, а Арменію падтрымалі ЗША. Са зваротам выступіў і Папа Рымскі Францішак:

«Я яшчэ раз звяртаюся да ўцягнутых бакоў і да міжнароднай супольнасці з просьбай заглушыць сваю зброю і прыкласці ўсе намаганні для пошуку мірных развязак дзеля людзей і павагі да людской годнасці».

Збройны канфлікт у Нагорным Карабаху цягнецца ўжо больш за трыццаць гадоў, бо і Азербайджан, і Арменія заяўляюць свае правы на валоданне гэтай тэрыторыяй. У выніку дзвюх карабахскіх войнаў, апошняя з якіх адбылася ў 2020-м, паводле прыблізных звестак, загінулі больш за трыццаць тысяч асобаў ды тысячы – зніклі без звестак.

Ірына Юр’ева, «Белсат»