У Нагорным Карабаху адбываецца эскалацыя


Паветраная трывога. У Нагорным Карабаху. Азербайджан заявіў аб пачатку «лакальных антытэрарыстычных мерапрыемстваў» у рэгіёне. Новы віток вайны пачаўся акурат напярэдадні падпісання мірнага пагаднення паміж Арменіяй і Азербайджанам, а таксама на фоне гатовасці Ерэвану падпісаць Рымскі статут, які закрые для Уладзіміра Пуціна ўсе шляхі ў гэтую краіну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канечне, без дазволу Масквы Баку б не дзейнічаў. Ні цяпер, ні тым больш у пачатку гэтай вайны. Вядома, што Масква – істотны гулец, нават ключавы гулец, які мае асобныя стасункі і з Баку і з Ерэванам. А таксама, вядома ж, з Анкарой. І без дазволу Масквы не будзе дзейнічаць», – мяркуе эксперт Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Паводле Міністэрства абароны Азербайджану, ваенныя дзеянні Баку пачаў з мэтай «забеспячэння палажэнняў Трохбаковай заявы, спынення шырокамаштабных правакацыяў у Карабахскім эканамічным раёне, раззбраення і вываду фармаванняў Узброеных сілаў Арменіі з нашых тэрыторыяў, нейтралізацыі іх вайсковай інфраструктуры, запэўнівання бяспекі мірнага насельніцтва».

Аднак паводле Міністэрства абароны Арменіі, іх войскаў у Нагорным Карабаху няма. Мясцовыя жыхары кажуць наступнае:

«Добры дзень. Нас зараз бамбардуюць. Што сказаць? У горадзе хаос. Усюды ўсё выбухае. Я не ведаю… У прыгарадах нешта адбываецца. Здаецца, гэта напад. Ну, не здаецца, а гэта і ёсць напад поўнамаштабны. Каб яны падавіліся!»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Армянскія салдаты ў Нагорным Карабаху.
Фота: nkrmil.am

У армянскіх чатах людзі задаюцца пытаннем: а куды ж падзеліся расейскія міратворцы, размешчаныя ў Нагорным Карабаху? Армянскія ж медыі ўвогуле напісалі, што расейцы паведамілі Азербайджану каардынаты вайсковай тэхнікі Арменіі.

«Расейскай Федэрацыі заўжды было важна, каб канфлікты на постсавецкіх тэрыторыях не вырашаліся, а каб яны былі замарожаныя. Каб канфлікты тлелі, мелі нізкую інтэнсіўнасць. Як было гэта ад выбуху першай вайны ў Карабаху трыццацігадовай даўніны. Расея заўсёды старалася выконваць ролю такога назіральніка, міратворца. Але прадавала зброю і Арменіі, і Азербайджану».

І калі з’яўляўся шанец на нейкае замірэнне, Расея заўжды рабіла так, каб гэтага не дапусціць», – кажа аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Войцех Вайтасевіч.

У МЗС Арменіі заявілі, што іх краіна не збіраецца пачынаць баявых дзеянняў супраць Азербайджану. Прэмʼер-міністр Пашыньян склікаў Раду бяспекі. Тым часам у Ерэване пачаліся антыўрадавыя пратэсты.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»