У Ерэване – пратэсты супраць Пашыньяна, Азербайджан кажа пра дасягненне мэтаў спецаперацыі


У цэнтры Ерэвану збіраюцца людзі, абураныя заявай армянскага прэм’ера пра нежаданне пачынаць баявыя дзеянні супраць Баку. Дарадца азербайджанскага прэзідэнта заяўляе, што мэты спецаперацыі «ўжо блізкія да завяршэння». Крэмль выказвае заклапочанасць. Што адбываецца на гэтую хвіліну ў канфлікце вакол Нагорнага Карабаху?

Мітынг за адстаўку Нікола Пашыньяна ў Ерэване. 19 верасня 2023 года.
Фота:Angelo Gambella / Х

У цэнтры Ерэвану збіраюцца натоўпы людзей, якія патрабуюць адстаўкі Нікола Пашыньяна. Такую рэакцыю выклікала заява армянскага прэм’ера на пасяджэнні Рады бяспекі краіны, дзе прагучала, што Арменія не збіраецца пачынаць баявых дзеянняў з Баку, а чакае дзеянняў ад расейскіх міратворцаў, якія месцяцца на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, дзеля стабілізацыі сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Мітынгоўцы ўжо перакрылі праспект Тыграна Меца і выкрыкваюць лозунг «Нікол здраднік».

Разам з тым улады Нагорнага Карабаху звярнуліся да азербайджанскага боку з заклікам спыніць агонь і сесці за стол перамоваў.

Занепакоенасць сітуацыяй вакол Нагорнага Карабаху выказаў і афіцыйны Крэмль: ён заклікаў бакі адмовіцца ад сілавых метадаў развязання канфлікту і звярнуўся да азербайджанскага боку з прапановай прыняць захады для гарантавання бяспекі цывільнага насельніцтва ў Карабаху. Крэмль адзначыў, што існуе магчымасць дасягнуць рашэння праблемы з дапамогай дыпламатычных шляхоў, а таксама заклікаў Ерэван і Баку кіравацца раней падпісанымі трохбаковымі дакументамі (згодна з дакументам, падпісаным у лістападзе 2020 года, Расея размясціла міратворцаў у Карабаху).

Пры гэтым паводле заявы Андрэя Картаполава, кіраўніка камітэту Дзярждумы для абароны,  «міратворцы не маюць права ўжываць зброю да таго часу, пакуль іхнаму жыццю нічога не пагражае».

Станам на 16:30 паводле менскага часу адзначаецца, што інтэнсіўнасць агня на лініі судатыкнення сілаў Нагорнага Карабаху і Азербайджану значна знізілася.

Дарадца прэзідэнта Азербайджану Хікмэт Гаджыеў адзначыў, што «асноўныя мэты аперацыі Азербайджану ў Карабаху блізкія да завяршэння, вайсковыя цэлі ўжо нейтралізаваныя».

Дзеці, параненыя ў выніку абстрэлаў Сцепанакерту. 19 верасня 2023 года.
Фота: Anush Mkhitaryan / Х

Вядома таксама, што Нікол Пашыньян правёў перамовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, падчас якіх яны абмеркавалі сітуацыю вакол Нагорнага Карабаху. У размове абодва бакі падкрэслілі непрымальнасць ужывання сілы і адзначылі неабходнасць выкарыстоўваць міжнародныя механізмы для дээскалацыі канфлікту.

Таксама Нікол Пашыньян правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Макрон паінфармаваў Пашыньяна аб пачатку надзвычайнага пасяджэння Рады бяспекі ААН, скліканага ў сувязі з сітуацыяй у Карабаху.

Нагадаем, што Мінабароны Азербайджану паведаміла пра «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару» ў Нагорным Карабаху. Баку сцвярджае, што гэта адказ на «сістэматычныя абстрэлы пазіцыяў азербайджанскай арміі фармаваннямі ўзброеных сілаў Арменіі». У азербайджанскім ведамстве адзначылі, што ўжываецца высокадакладная зброя і што цывільнае насельніцтва і аб’екты цывільнай інфраструктуры «не ёсць цэлямі, з ладу выводзяцца толькі легітымныя вайсковыя цэлі».

Армянскі бок назваў дзеянні Баку агрэсіяй, звярнуўшыся да чальцоў Рады бяспекі ААН і расейскіх міратворцаў з заклікам зрабіць крокі дзеля спынення баявых дзеянняў.

Паводле звестак армянскага боку, у вынікаў абстрэлаў, праведзеных азербайджанскімі вайскоўцамі, вядома пра дваіх загінулых (сярод іх адно дзіця), а таксама пра 23 параненых.

У сваю чаргу Азербайджан заяўляе пра абстрэлы з армянскага боку: так, з буйнакалібернай зброі быў абстраляны горад Шуша, у выніку чаго забіты адзін мірны жыхар, а дзясяткі чалавек атрымалі раненні.

Абноўлена
Абвастрэнне ў Нагорным Карабаху. Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы»
2023.09.19 14:08

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў