Рэжым працягвае развіццё «Далёкай дугі»


Беларусь плануе адкрыць чарговую амбасаду – у Экватарыяльнай Гвінеі. Адпаведна, амбасада гэтай афрыканскай краіны можа з’явіцца ў Менску. Пра гэта абвесціў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік падчас сустрэчы з калегам з Экватарыяльнай Гвінеі Сімэонам Аёна Эсона Анге. Імаверна, з’явіцца там і вытворча-лагістычны хаб для паставак беларускай прадукцыі ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лукашэнка зацікаўлены супрацоўнічаць з гэтымі краінамі, бо яны маюць выкапні, радовішчы. Такія, як нафта, золата, алмазы, – патлумачыў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка. – Лукашэнка будуе там бізнес не дзеля Беларусі і не ў інтарэсах беларускага народу, а дзеля сваіх інтарэсаў».

Кантакты паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй ажывіліся пасля таго, як 7 верасня Менск наведаў прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абʼянг Нгема Мбасага. Лукашэнка тады абяцаў яму ўсебаковую дапамогу:

«Беларусь, у адрозненне ад заходніх “дэмакратызатараў”, гатовая дапамагчы вам стаць гаспадарамі на сваёй зямлі!»

Міністр замежных справаў Сяргей Алейнік распавёў, што Беларусь хацела б пастаўляць у Афрыку сельскагаспадарчую і іншую спецыяльную тэхніку, цяжкавікі, рознае абсталяванне і шмат іншай прадукцыі.

Мяркуецца таксама супраца ў галіне навукі і тэхналогіяў, адукацыі, аховы здароўя. Рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка ставіцца да гэтых планаў скептычна.

«Нават у сваіх самых аптымістычных прагнозах Лукашэнка казаў, што гандлёвы зварот з гэтай Экватарыяльнай Гвінеяй, можа быць, дасягне 100 мільёнаў долараў да 2030 года. Фактычна гэта сведчыць пра тое, што зараз ён мізэрны. І гэта проста несурʼёзна».

Рэспубліка Экватарыяльная Гвінея – дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, на беразе Гвінейскай Затокі. Займае плошчу 28 000 тысячаў квадратных кіламетраў, сталіца – Маляба. Насельніцтва, паводле перапісу 2015 года, – 1 222 442 чалавека. Краіна мае нафтавыя радовішчы і ёсць буйным экспарцёрам гэтай сыравіны. Але значная частка насельніцтва не мае сталага доступу да чыстай вады, а да 20 % дзяцей паміраюць, не дажыўшы да пяці гадоў.

Візіт прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янга ў Беларусь.
Фота: belta.by

Адлегласць паміж Экватарыяльнай Гвінеяй і Беларуссю – 6 тысяч кіламетраў.

«Адкрыццё ў Экватарыяльнай Гвінеі адбываецца проста паводле прынцыпу “там, дзе ёсць хоць нейкае прызнанне Лукашэнкі”, – заўважыў Вадзім Мажэйка. – Таму што ейны прэзідэнт да Лукашэнкі прылятаў, яны размаўлялі. Значыць, ён Лукашэнку прызнае. І вось на гэтай падставе амбасада адкрываецца».

Апошнім часам беларуская дыпламатыя засяроджаная найбольш на краінах так званай «дальняй дугі». Але і бліжэйшае суседства не ў заняпадзе. Гэтак, паводле Дзмітрыя Крутога – беларускага амбасадара ў Расеі, у той краіне неўзабаве адкрыюцца 3 новыя генеральныя консульствы. А ў ідэале, на думку амбасадара, іх мусіць быць з два дзясяткі.

«Гэта важна, у тым ліку, і для “дыпламатаў” Лукашэнкі. Бо зараз паслоў не прымаюць шмат якія краіны, – нагадаў былы дыпламат і міністр замежных справаў Павел Латушка. – А генеральны консул мае даволі значны статус. Гэта іншыя заробкі, гэта іншая кватэра, матэрыяльнае забеспячэнне, гэта патэнцыйна кіроўца, аўтамабіль!»

А ва Украіне і Польшчы цяпер няма нават часовых беларускіх павераных, за апошнія гады закрыліся амбасады Беларусі ў Канадзе, Эквадоры, генеральнае консульства ў Нью-Ёрку. 1 снежня сёлета спыніць працу беларуская амбасада ў Славаччыне.

Марына Яновіч, «Белсат»