Пачаўся суд над музыкам Мікітам Найдзёнавым


У судзе Ленінскага раёну Менску пачалі судзіць музыку і шоўмэна Мікіту Найдзёнава. Яго ўтрымліваюць у СІЗА амаль 4 месяцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выпусціць некалькі музычных альбомаў, зборнік вершаў і нарадзіць дзіця. Пра гэтыя планы на найбліжэйшыя 5 гадоў знаны беларускі музыка, паэт і шоўмэн Мікіта Найдзёнаў апавядаў праекту «Людзі» два гады таму. Сёння Мікіту пачалі судзіць. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

«Мне вельмі шкада сям’ю Мікіты і самога Мікіту. І тое, што здарылася, – гэта жах. Але ў гэтым няма нічога новага. Мне падаецца, што за любым чалавекам, які выказаў сваю пазіцыю, прымаў удзел у пратэстах, меў дачыненне да беларускай культуры і павесткі чарга ўсё адно дойдзе, калі яны застаюцца там», – каментуе суд спявачка, знаёмая Мікіты Найдзёнава Валерыя Суравіцкая.

Найдзёнаў – фронтмэн гурта «Хурма», аўтар шэрагу песень беларускіх артыстаў, сярод якіх – Зміцер Вайцюшкевіч, дуэт «Вэл», Ганна Шаркунова. Таксама ён перакладаў сусветныя хіты на беларускую мову.

Мікіта Найдзёнаў. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У 2015-ым Найдзёнаў атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют». Пазней выпусціў зборнік з 60-ці вершаў «Развітанцы», неаднаразова друкаваўся ў выданнях «Дзеяслоў», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць».

«Мікіта Найдзёнаў – таленавіты паэт новай маладой генерацыі. Паэт, у вершах якога шмат паветра, шмат свабоды. Мікіты, трымайся, і хутчэй нам сустрэцца на свабодзе», – кажа паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

У судзе Ленінскага раёну пачаўся працэс над пісьменнікам і фатографам Змітром Баяровічам і ягонаю жонкаю Валерыяй. Пару затрымалі летась у сакавіку. Цяпер іх вінавацяць у арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Да будынку суда прыйшлі еўрапейскія дыпламаты.

«Абаіх прызналі палітычнымі вязнямі, якія карысталіся сваймі правамі на свабоду сходаў і свабоду слова. Абвінавачванні супраць іх несправядлівыя і маюць палітычныя матывы», – заявілі еўрапейскія дыпламаты.

Паводле Беларускага ПЭНу, на 15-га ліпеня ў няволі застаюцца прынамсі 133 дзеячы культуры. З іх 31 асоба – «людзі слова».

«Рэпрэсіі не спыняюцца. Рэпрэсіі павялічваюцца. Іншая справа, што яны могуць змяняць свой характар, фармат, і часам адбываюцца ў ценю», – кажа старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Цяпер рэжым адрадзіў старую савецкую практыку выключэння артыстаў з праўладных творчых саюзаў за грамадзянскую пазіцыю. Гэтак, з Беларускага саюзу мастакоў за нелаяльнасць да ўладаў выключылі дзевяцярых чальцоў. Сярод якіх – мастак Алесь Пушкін, які загінуў у няволі сёлета 11-га ліпеня, а таксама славуты дызайнер Уладзімір Цэслер.

«У гэтай сітуацыі, я мяркую, што і Уладзімір Цэслер і светлай памяці Алесь Пушкін маглі хутчэй цешыцца з факта выключэння, чым засмучацца, таму што наяўнасць альбо прыналежнасць да Саюзу ніякім чынам не сведчыць пра талент ці значнасць хоць якога творцы, а сведчыць толькі пра прыналежнасць ці пра непрыналежнасць да пэўнай супольнасці», – мяркуе Таццяна Нядбай.

Надалей фіксуюцца выпадкі звальнення творцаў з установаў культуры. Гэтак, за прагулы звольнілі журналістку газеты «Літаратура і мастацтва» Яну Цэглу, якая два месяцы была ў СІЗА. Не працягнулі кантракту з рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек Аляксеем Ляляўскім, які займаў пасаду больш за сорак гадоў.

Наста Печанькова, «Белсат»