Жыццё на чужыне: у свеце налічылі больш за трыста мільёнаў мігрантаў


Квіток у адзін бок. У пошуках лепшага жыцця свае дамы пакінулі больш за трыста мільёнаў асобаў, паведамляе ААН.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы чакаем, што тэндэнцыя росту рэгулярнай міграцыі працягнецца. Праз недахоп працоўнай сілы на так званай глабальнай поўначы і павелічэнне маладога насельніцтва на глабальным поўдні», – зазначае прадстаўніца Міжнароднай арганізацыі міграцыі Угочы Дэньелз.

Але не ўсе мігранты едуць за мяжу, каб працаваць і зарабляць. Паводле Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў, больш за сто мільёнаў – уцекачы. То бок з’ехалі вымушана, ратуючы жыццё і ўласную бяспеку.

«У свеце мы назіраем бясконцы крызіс. Міжнародная арганізацыя міграцыі цвёрда верыць, што добра кіраваная міграцыя ёсць асноваю для ўстойлівага развіцця і росквіту для ўсіх», – кажа Угочы Дэньелз.

Паводле звестак ААН, станам на канец мінулага года толькі з Украіны зʼехалі 5,7 млн асобаў. Гэта самы маштабны сыход людзей з часоў Другой сусветнай.

Сітуацыя з уцекачамі з Украіны на цэнтральным вакзале ў польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 16 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Беларусь пасля жорсткага задушэння мірных пратэстаў і хвалі беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў, паводле розных ацэнак, пакінулі да паўмільёна асобаў. Паводле Еўрастату, толькі летась дзяржавы Еўразвязу выдалі беларусам 309 тысяч першасных дазволаў на пражыванне. Гэтак, Марыля зʼехала, калі зразумела – у Беларусі ёй заставацца небяспечна. Няпросты выбар зрабіла за некалькі дзён. Хоць і ўсведамляла: лёс мігранта – не з простых:

«Табе ў пэўным узросце, з пэўным жыццёвым досведам даводзіцца пераключацца абсалютна на іншы лад жыцця. Ты пачуваешся маленькім дзіцём, якое ўсяму толькі вучыцца».

Вывучэнне мовы, пошук працы ды ўладкаванне розных бытавых справаў. Што пры гэтым казаць самому сабе, каб не ўпасці ў дэпрэсію?

«Я пераехаў, бо хацеў лепшай будучыні, я павінен рухацца, гэта цудоўна, што мяне жыццё прымушае. Я буду здаровым чалавекам, і гэта каштоўна: як кіраваць, так і прыбіраць, аднолькава каштоўна, для мяне гэта не перашкода. Тады ён становіцца больш аптымістычным», – раіць псіхолаг Ала Марціновіч.

Апроч таго, жыццё мігрантам з Беларусі ўскладняюць законы, прыманыя Лукашэнкам. Гэтак, атрымаць новы пашпарт за мяжою больш нельга, трэба асабіста прыехаць на радзіму. Над развязаннем праблемы працуе Абʼяднаны пераходны кабінет.

«Тое, што мы можам зрабіць, – гэта дамагацца таго, каб краіны выдавалі беларусам пашпарты замежнікаў, калі яны ўжо легальна перабываюць у гэтых краінах, прайшлі працэдуру легалізацыі, маюць ВНЖ, пасведчанне пражывання ў гэтых краінах. Таксама можа быць варыянт з працягам пашпарта пастановаю мясцовых уладаў», – зазначае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.

Ёсць і другі варыянт развязання праблемы, хоць і больш доўгатэрміновы – пашпарт новай Беларусі.

«Заснаваны орган выдачы, замоўленыя матэрыялы яго вырабу, узораў гэтых пашпартоў, і калі гэтыя пашпарты, узоры будуць гатовыя, то мы ўжо зможам афіцыйна звяртацца да ўрадаў у краінах Еўразвязу, ці яшчэ далей, з просьбаю аб прызнанні гэтага дакументу», – кажа Валерый Кавалеўскі.

Лукашэнка палітычных уцекачоў з Беларусі зняважліва называе беглымі. Пры гэтым спрабуе завабіць іх на радзіму. З дапамогаю камісіі, якой кіруе генпракурор Андрэй Швед. Але зваротаў туды няшмат: у ліпені «Кіберпартызаны» паведамлялі пра 16 заяваў. Да таго ж, як відаць, зварот у камісію нічога не гарантуе. Сёння праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра пераслед беларускі, якая даверылася Шведу і вярнулася з-за мяжы. Цяпер яе будуць судзіць.

Алесь Яшчанка, «Белсат»