Павел Латушка: працягваць скаардынаваны ціск на рэжым Лукашэнкі


Каардынацыя дзеянняў для прававога ціску на рэжым Лукашэнкі, каб прывесці яго да крымінальнай адказнасці – так абазначыў галоўную мэту свайго візіту ў Вільню намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З чатырох найбольш цяжкіх міжнародных злачынстваў рэжым Лукашэнкі здзейсніў тры: гэта акт агрэсіі, гэта злачынствы супраць чалавечнасці і гэта ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей», – пералічвае Павел Латушка.

Усе гэтыя тэмы і абмяркоўваліся падчас сустрэчаў Паўла Латушкі ў Міністэрстве замежных справаў і Міністэрстве юстыцыі Літвы, а таксама ў амбасадзе Злучаных Штатаў у гэтай краіне. На падставе сабраных камандаю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення матэрыялаў плануецца выкарыстаць механізм міжнароднага крымінальнага суда, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці.

«Літоўскі бок вельмі актыўна падтрымоўвае наш парадак дня: адказнасці рэжыму Лукашэнкі, ціску на рэжым Лукашэнкі, эканамічнага, прававога ціску, еўрапейскага выбару беларусаў. Я скажу так, што Літва тут дае прыклад шмат якім нашым партнёрам у рамках Еўрапейскага Саюзу», – кажа Павел Латушка.

Павел Латушка падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 4 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Паводле прынцыпу міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі, у Літве распачалі крымінальную справу за злачынствы, учыненыя сілавікамі Лукашэнкі ў Беларусі ў 2020-м. Справа, у якой амаль паўсотні пацярпелых, расследуецца не так хутка, як хацелася б, кажа пацярпелы ад дзеянняў сілавікоў у 2020-м годзе Віталь Алейнік.

«Мне ўдалося знайсці сведкаў, якія таксама падалі свае сведчанні ў Генеральную пракуратуру. Таму гэтая справа развіваецца з усіх бакоў. Чаго не хапае зараз – гэта палітычнага чынніка, чынніка палітычнай волі, каб сказалі, што так, гэтая справа важная для грамадства», – кажа Віталь Алейнік.

Крымінальныя справы, звязаныя са злачынствамі рэжыму Лукашэнкі, расследуюцца таксама ў пракуратурах Польшчы, Нямеччыны ды Чэхіі. Але адной палітычнай волі для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці недастаткова, нават калі высілкі дэмакратычных сілаў прывядуць да атрымання ордару на ягоны арышт.

«Усё завязана на перамены ў рэгіёне, на вайну ва Украіне. Толькі калі параза Расеі адбудзецца і, адпаведна, захістаецца Лукашэнкаў рэжым, тады ў рэальную плашчыню можа перайсці вось гэтае пытанне дастаўкі яго ў Гаагу», – лічыць палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Практычныя ж вынікі што да пакарання за злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму пабачым ужо заўтра. У Швейцарыі пачнецца першы працэс у справе гвалтоўнага знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Судзіць будуць былога байца спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрыя Гараўскага ў межах універсальнай юрысдыкцыі, то бок паводле швейцарскага Крымінальнага кодэксу. І хоць нешта новае аб знікненні мы наўрад ці даведаемся, працэс гэты вельмі важны, лічыць Аляксандр Класкоўскі.

«Збольшага тут ужо вядома ўсё, бо быў даклад дэпутата Пургурыдыса, ёсць шмат іншых сведчанняў, але гэта ўсё дадатковыя каменьчыкі ў гарод Лукашэнкі, і гэта будзе абцяжарваць магчымае абвінавачванне», – кажа аналітык.

Юрыю Гараўскаму паводле абвінавачвання ў датычнасці да неаднаразовага выкрадання людзей паводле швейцарскага Крымінальнага кодэксу можа пагражаць ад аднаго да 20-ці гадоў зняволення.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»