У верасні ў Швейцарыі пачнуць судзіць былога байца САХР, датычнага да выкрадання беларускіх палітыкаў


Былы спецназавец Юрый Гараўскі, які прызнаўся ў выкраданні пры канцы 1990-х гадоў беларускіх палітыкаў, апазіцыйных Аляксандру Лукашэнку, паўстане перад швейцарскім судом у верасні. Аб гэтым паведамляе «Deutsche Welle».

Юрый Гараўскі. Крыніца: Deutsche Welle

Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі. Судзіць былога спецназаўца будуць у межах універсальнай юрысдыкцыі паводле артыкулу аб знікненні людзей. Згодна з швейцарскім заканадаўствам, Гараўскаму можа пагражаць ад 1 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Хаця сам ён разлічвае, што яму будзе прысуджаны ўмоўны тэрмін.

Былы баец САХР Юрый Гараўскі прызнаўся ў датычнасці да знікнення палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе, звязаўшыся з рэдакцыяй «Deutsche Welle». Паводле сцвярджэнняў Гараўскага, 7 траўня 1999 года ён уваходзіў у склад групы, якая на загад заснавальніка САХР падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, а 16 верасня 1999 года – былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. З кастрычніка 2018 года Юрый Гараўскі жыве ў Швейцарыі, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Інтэрв’ю, якое выйшла ў «Deutsche Welle», паклалася ў аснову справы, ініцыяванай праваабаронцамі з «Trial International». Яны спадзяюцца, што разгляд гэтай справы стане прэцэдэнтам і можа зрабіцца прыкладам для разбіральніцтваў у іншых краінах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў