Крымскі мост і збожжавая ўгода. Як Расея шантажуе свет голадам


Выбух – і пралёт аўтамабільнага палатна пашкоджаны. Крымскі мост ізноў пад атакаю. Паводле крыніцаў расейскага выдання «Медуза», выбухам маглі пашкодзіць адну з апораў. Два чалавекі загінулі, дзіця – параненае. Летась у кастрычніку мост ужо атакавалі. Тады пацярпелі і чыгуначныя зносіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лагістыка непасрэдна праз мост – гэта боепрыпасы, паліва-змазачныя матэрыялы, усё для лагістыкі вядзення баявых дзеянняў завозіцца праз мост, недзе да 40 %», – распавёў у ранішнім эфіры «Вот так» Ігар Раманенка, генерал-лейтэнант ЗСУ ў запасе.

Паводле ўкраінскіх медыяў, Крымскі мост атакавалі ўкраінскі флот і Служба бяспекі Украіны з дапамогай падводных дронаў. Афіцыйна ўлады гэтай інфармацыі не каментуюць. У тэлеграм-канале СБУ толькі з’явіўся арыгінальны допіс, з перайначваннем словаў народнай песні:

«Салавейку, родны браце,

зноўку мост пайшоў “паспаці”.

Ды раз… Два!

P. S. Музыка – народная. Словы – СБУ»

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб тэракце. Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Сяргей Аксёнаў, распавядаючы пра расследаванне выбуху, ніякіх падрабязнасцяў не даў:

«Адпаведна, інфармацыя будзе апублікаваная ў афіцыйных крыніцах».

Крымскі мост.
Фота: Анна Иларионова / Pixabay

«Гэта ўдар па рэпутацыі расейскіх уладаў, новы ўдар па іх уплыве на акупаваных тэрыторыях», – звярнуў увагу ў эфіры «Вот так» расейскі палітолаг з Чэхіі Іван Праабражэнскі.

Сёння ж Расея адмовілася працягваць збожжавую ўгоду. Дакумент, падпісаны Украінай, Турцыяй і ААН, дазваляў украінцам, нягледзячы на вайну, адносна бяспечна экспартаваць харчы праз Чорнае мора. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паспяшаўся падкрэсліць, што зрыў угоды ніяк не звязаны з выбухам на Крымскім мосце. Неадкладна на прыпыненне пагаднення зрэагавалі Турцыя і Еўрапейскі Звяз.

«Нягледзячы на сённяшнюю заяву, я веру, што мой сябар Пуцін, прэзідэнт Расейскай Федэрацыі, хоча, каб гуманітарная ўгода ў Чорным моры працягвалася», – заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

«Я мушу абвінаваціць у гэтым рашэнні Расею. Абсалютна неапраўданым рашэнні, што [правакуе] голад людзей», – сцвердзіў Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі.

Рашэнне Масквы, на думку экспертаў, прывядзе да росту цэнаў прадукцыі ва ўсім свеце. Ужо сёння фʼючарсы на чыкагскай біржы выраслі на 4%, кажа Паўло Мартышаў з Цэнтру даследаванняў харчоў і землекарыстання Кіеўскай школы эканомікі:

«Палова ўсяго экспарту сланечнікавага алею ішла з Украіны, Індыя і Кітай закуплялі наш сланечнікавы алей, тут мы лідары, у кукурузе мы на трэцім месцы, у пшаніцы – між пятым і шостым».

«Расея выйграе толькі ад росту цэнаў на харчы, збожжа, кукурузу і гэтак далей. Расея – вялікі экспарцёр, але наўрад ці гэта галоўная мэта. Асноўная мэта – гэта нагадзіць Украіне, стварыць праблемы ўкраінскай эканоміцы, таргавацца наконт адмены санкцыяў у тым ці іншым кірунку», – мяркуе Сяргей Фурса, украінскі фінансіст.

Як дадае наш суразмоўца, Расея выбрала шлях шантажу, каб зняць санкцыі з Рассельгасбанку і продажу расейскіх угнаенняў. У той час, як у розных рэгіёнах свету з жахам прадказваюць нястачу ўкраінскага збожжа.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»